Лявон Вольскі і кампанія далі чарговы канцэрт у Вільні (фота)

Пакуль беларускія ўлады не могуць вызначыцца, ці забаранялі яны кагосьці айчынных з музыкаў, некаторыя з іх прапануюць сваёй публіцы заняцца “гастрольнай” дзейнасцю. У выніку, жадаючыя адарвацца пад “Ляпіс Трубецкой” электрычкамі дабіраюцца ў касмічныя далячыні а гурт Лявона Вольскага “Крамбамбуля” прапануе больш прывабныя варыянты, ад якіх амаль немагчыма адмовіцца.



bula.jpg

Ужо ў другі раз да білета на віленскі канцэрт каманды прыкладаецца бясплатная віза. У выніку, заслужаныя мінскія аншлагі “Крамбамбулі” паслухмяна перакочваюць мяжу і апынаюцца ў сталіцы суседняй дзяржавы.

У красавіку мінулага года “Крамбамбуля” прэзентавала ў віленскім клубе “Лофт” свой апошні альбом “Драбадзі-драбада” пасля таго, як высветлілася, што зрабіць гэта на радзіме немагчыма. Гэтым разам маштаб пабуйнеў і выступ гурта ў межах фэсту “Размарозка”, арганізаваным літоўскай кампаніяй “Pasaulis Nuostabus” і агенцтвам “Шабли”, адбываўся на больш прасторнай пляцоўцы Forum Palace. На наступны дзень у межах фестывалю адбыўся канцэрт з удзелам літоўскага музыкі Саўлюса Петрэйкіса і мінскага інстументальнага трыа Port Mone.

Музыкі з’явіліся на сцэне ў вельмі экстравагантным выглядзе: у галіфэ, прычым, штаны вядомага беларускага джазавага музыкі Паўла Аракеляна, які апошнім часам вельмі шчыльна супрацоўнічае з “Крамбамбуляй”, былі аздобленыя бела-чырвона-белай стужкай у якасці лампасаў.

kramb05-1.jpg

kramb05-2.jpg

kramb05-3.jpg

kramb05-4.jpg

kramb05-5.jpg

У такім выглядзе гурт адыграў трохгадзінны канцэрт з антрактам, першае аддзяленне якога складаецца са старых хітоў пра старых хіпаноў і турыстаў, для якіх усё прыемна і карысна, а у другім гучыць пераважна новы альбом “Драбадзі-драбада”.

Над імпрэзай лунае дух свята непаслушэнства. Нібыта, выбраўшыся з-пад строгага “бацькоўскага” нагляду, гурт упрыгожвае клуб бела-чырвона-белымі сцягамі і амаль кожную песню перамяжоўваюць скандаваннем “Жыве Беларусь” разам з залай, а Лявон Вольскі сам запрашае прыхільнікаў патанчыць на сцэне і “сустрэцца на барыкадах”.

Ад сузірання такой карціны прыстойныя сямейныя пары з футравымі каўнярамі, якія прыехалі наведаць Вільню як беларускую шопінг-меку і зазірнулі адзначыцца на канцэрт спалоханыя інфармацыяй пра тое, што тым, хто скарыстаўся візавай падтрымкай канцэрта ў немузычных мэтах, віз больш не атрымаць, дранцвеюць і нервова адступаюць да выхаду.

Завяршаецца канцэрт выкананнем “баевікоў” гурта N.R.M., якія прымушаюць ашалела ірвануць назад у залу тых, хто не разлічваў даслухаць “Крамбамбулю” да канца і падцягнуўся да гардэроба. Пасля харавога выканання “Партызнаскай” “Трох чарапах” і “Паветранага шара” публіка ўсё ж пакідае залу каб праехаць сотні кіламетраў да Беларусі, дзе чакаць выступаў “Крамбамбулі” пакуль не даводзіцца.

Фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

http://gazetaby.com