Maze і Re1ikt дадуць сумесны канцэрт на плошчы Свабоды

Фіналісты конкурсу «Заспявай 2.0» гурт Maze, чый кавер на “Котку” гурта “Новае Неба” выклікаў захапленне ў журы, выступяць 10 ліпеня на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды. Іх падтрымае гурт Re1ikt.



maze_i_re1ikt.jpg

Maze — зусім малады гурт, існуе некалькі месяцаў. Пакуль іх рэпертуар базуецца на каверах, але музыкі маюць намер пісаць і сваю музыку ды зусім не збіраюцца абмяжоўваць сябе нейкім пэўным стылем. Яна заявіліся ў намінацыю “Кавер” конкурсу «Заспявай 2.0» з сваёй версіяй песні Касі Камоцкай і гурта “Новае Неба” — “Котка” на словы Адама Глобуса. А ў якасці дадатковых песень паказалі свае каверы на Міка Джагера і Джоан Джэт. У гурт уваходзяць Захар Пятровіч (гітара), Антон Хадасевіч (гітара), Уладзіслаў Нямкевіч (бас-гітара), Павал Новікаў (бубнач), а пры мікрафоне — Дар’я, якая мае адметны вакал. Сярэдні ўзрост удзельнікаў Maze — 18 год, некаторыя з іх яшчэ вучацца ў школе. А вакалістка — студэнтка Мінскага дзяржаўнага коледжа мастацтваў. Музыкі дужа хочуць перамагчы ў сваёй намінацыі на “Заспявай 2.0”, а прызавыя грошы выдаткаваць на паляпшэнне якасці гучання.

Падтрымае канкурсантаў сваім гадзінным сэтам гурт Re1ikt, уладальнікі прэміі “Героі году” ад парталу Tuzin.fm (2013), удзельнікі такіх праектаў як “Тузін. Немаўля” і “Re:Песняры». Музыкі акурат скончылі працу над сваім новым альбомам і пакажуць свае вядомыя і новыя песні ў акустычным гучанні. Акустычны напрамак для музыкаў — сродак лепш данесці менавіта музыку. Сапраўды, прыхільнікаў Re1ikt у акустыцы не менш, чым Re1ikt электрычнага. Самі творцы адзначаюць, што тыя, хто любіць музыку і атрымліваць асалоду ад кожнай ноты, больш прыязна ставіцца да акустыкі, бо ў ёй музыка грае рознымі фарбамі і болей празрыстая. Незвычайныя атмасферныя гітарныя эфекты, дапоўненыя духавымі і перкусіяй выводзяць іх музыку на новы ўзровень.


Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Заспявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртанне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 еўра.

10/07 Тэраса кавярні «Chill-Out» (плошча Свабоды, 4). 

Maze пры падтрымцы Re1ikt.

Пачатак а​​ 20.00. Кошт квіткоў — 60 000 – 100 000. http://www.kvitki.by/ru/event/26485 

Інфалінія: +375296768195

"Будзьма беларусамі!"