«Менск старажытны»: сталіца святкуе 950 год (фота)
Ваяроў ад антычнасці да сярэдзіны XX стагоддзя можна пабачыць 9 і 10 верасня на фестывалі гістарычнай рэканструкцыі «Менск старажытны».
Першая ўзгадка Мінска адносіцца да бітвы на Нямізе ў 1067 годзе. Прайшло 950 гадоў, але горад пацярпеў не менш, чым у 10 войнах. Праз гэта сённяшні юбілей сталіцы прысвяцілі вайскоўцам, якія змагаліся за Мінск.
Галоўная падзея першага дня — рыцарскі турнір, які праходзіць у цэнтры Мінска, на рагу праспекта Пераможцаў і Машэрава. У рысталішчы воіны змагаліся за перамогу ў конным ды пешым спаборніцтве. А на стрэльбішчы прайшоў турнір паміж лучнікамі.
На фестывалі дзейнічае некалькі паходных лагераў: каструм рымскіх легіянераў, рыцарскі намёт вікінгаў, партызанскі часоў Другой сусветнай вайны і паходны лагер Расійскай арміі ды Вялікай арміі Напалеона.
У кожнай зоне арганізаваны міні-музей са зброяй, прадметамі побыту і ежай тых часоў.
На тэрыторыі фэста разгарнуўся горад майстроў, дзе праходзяць майстар-класы па кавальскай і ганчарнай справе. Кожны жадаючы можа паназіраць за працай збройнікаў і ювеліраў. Тут працуе інтэрактыўная пляцоўка, дзе вучаць старадаўнім танцам і гульням.
Сёлета на фэсце выступяць гурты «Рокаш», Lity Taler, Ivory, By Cry, Alkonost, Pawa, Aillion і калектыў Кацярыны Ваданосавай Fantasy Orchestra. Канцэртная праграма запланавана на вечаровы час.
У суботу фэст працягнецца да 23:00, а ў нядзелю скончыцца а 17 гадзіне. Уваход вольны.