Міхал Анемпадыстаў прадставіць у Гродна гісторыю нашых стыляў

2 чэрвеня, у дзень закрыцця выставы «Колер Беларусі» у Гродна, будзе прэзентавана кніга Міхала Анемпадыстава з аднайменнай назвай. 

new_version_hrodna_haryzont.jpg

Падзея ладзіцца Цэнтрам гарадскога жыцця #uCentry і арт-галерэяй «Крыга» ў партнёрстве з Лятучым універсітэтам і грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!».

Дызайнерскі альбом «Колер Беларусі» стаў вынікам шматгадовай даследчыцкай працы Міхала Анемпадыстава. Шыкоўная візуальная частка кнігі суправаджаецца аўтарскімі тэкстамі, якія раскрываюць культуралогію асобных колераў — паходжанне назвы, гісторыю распаўсюджання на асобных тэрыторыях, сімвалічную інфармацыю, тыя чыннікі, што ўплывалі на ўсталяванне пэўных каларыстычных прэферэнцый і стыляў ды інш.

Даследуючы колер як феномен культуры, як маркер культурнай традыцыі, аўтар паказвае гісторыю стыляў і задае пэўны ракурс для разумення ўласнай ідэнтычнасці.

 «Штодня мы ствараем не толькі нашу сучаснасць і не толькі закладваем аснову таго, якім будзе нашае заўтра, але адначасова ўяўляем (і тым самым ствараем нанова) уласную мінуўшчыну. Часам гэтыя ўяўленні матэрыялізуюцца. Не заўсёды яны адпавядаюць гістарычнай праўдзе, а нават і логіцы нашых гістарычных стыляў. Часцяком нам навязваюць муляжы і міфы чужой мінуўшчыны. У сваю чаргу, каларыстыка — гэта зручная опцыя дзеля вывучэння ўласнай культурнай традыцыі і нацыянальнага стылю», — кажа аўтар ў пасляслоўі.

Прэзентацыя кнігі «Колер Беларусі»адбудзецца 2 чэрвеня, у пятніцу, а 18.30 у супольнай выставачнай прасторы Цэнтру гарадскога жыцця і арт-галерэі «Крыга» па адрасе: Гродна, вул. Савецкая, 3.

Падчас прэзентацыі паміж удзельнікамі будзе разыграна некалькі асобнікаў!

Уваход вольны!

new_version_hrodna.jpg

Кніга Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» выдадзеная ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.