Мультымоўны праект Word-Sound-Pool выдаў альбом да Міжнароднага дня паэзіі
Дэбютны альбом інтэрнацыяльнага праекту Word-Sound-Pool апублікаваны ў Францыі. У альбоме паэзія, прачытаная па-беларуску, па-руску ды па-французску, суправаджаецца па-рознаму кантраляванай імправізацыяй.
У Міжнародны
дзень паэзіі на французскім лэйбле Murmure Intemporel апублікаваны альбом
інтэрнацыянальнага праекту. Пад шыльдай Word-Sound-Pool («Басэйн слова і гуку») аб’ядналіся музыкі з Беларусі,
Польшчы, Вялікабрытаніі і ЗША. У трох прадстаўленых кампазіцыях паэзія,
прачытаная па-беларуску, па-руску ды па-французску, суправаджаецца па-рознаму
кантраляванай імправізацыяй. У складзе праекту – 9 чалавек. Запіс адбыўся ў
прафэсыйнай студыі ў Варшаве ў сакавіку 2017 г. Ідэйны
натхняльнік праекту, брытанскі
саксафаніста Філіп Пальмер зазначае: «Мы паспрабавалі
раскрыць уласцівую маўленню музычнасць, размыўшы прытым межы паміж музыкай і
вымаўленым словам. Паэзія чытаецца на розных мовах, зьліваючыся з музыкай,
адмыслова скампанаванай, часткова кантраляванай альбо імправізаванай».
За тэкставы складнік альбома адказвалі тры персоны. Лілія Худзік з Брэсту, якая зараз жыве ў Вялікабрытаніі, прадставіла ўласны тэкст «Твои листья». Філ Палмер расклаў літары яе твору на ноты і такім чынам суправадзіў рэчытатыў сольнай саксафоннай партытурай, якая працягваецца калектыўным развіццём. Малгажата Загаевска з Варшавы абрала для чытання верш Арцюра Рэмбо «П’яны карабель» і паміж часткамі тэксту накіроўвае агульную імправізацыю сваім мэца-сапрана. Віктар Сямашка з Мінску агучыў уласныя вершы, папярэдне раздаўшы музыкам умоўныя інструкцыі ды графікі. Адметная пабудова альбома: з кожным трэкам узрастае колькасць задзейнічаных асобаў, фармальная арганізаванасць і градус эмоцыяў адначасова.
Што тычыцца інструментальнага складніку, то значную яго частку занялі ўдзельнікі Warsaw Improvisers Orchestra. У тым ліку дырыгент аркестры, яшчэ адзін брытанскі саксафаніста Рэй Дзікаты, вядомы сваёй супрацай з Moose, Sonic Youth, PJ Harvey, Damo Suzuki, Solar Fire Trio ды многімі іншымі. Бубначоў у праекце таксама двое — палякі Тэа Ольтэр і Дамінік Макжэўскі. На віяланчэлі сыграў амерыканец Джон Корнэл, удзельнік разнастайных варшаўскіх калабарацыяў. Арганізатар гукасэіі з беларускага боку Віталь Эпаў, колішні чалец кампазітарскай суполкі «Рацыянальнае дыета», выканаў партыі на фагоце. А запісала ды зміксавала ўвесь матэрыял беларуская гукарэжысёрка Ксенія Дзегцярова.
Бясплатна паслухаць і спампаваць альбом Word-Sound-Pool магчыма па наступных спасылах:
http://freemusicarchive.org/music/WSP/Word_-_Sound_-_Pool
https://archive.org/details/MI237-Word-Sound-Pool.