«Народны альбом. 20 год» у Беластоку
У Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку сабраліся сотні людзей, большасць — з Беларусі, каб пабачыць прэм’еру адноўленага музычнага праекту.
![dscf5606.jpg dscf5606.jpg](/img/v1/userfiles/images/dscf5606.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адна з самых буйных культурніцкіх з’яваў незалежнай Беларусі — так называюць “Народны альбом”, запісаны яшчэ ў 1997 годзе ў былой студыі радыё “101.2”. Праз 20 гадоў “Народны альбом” зноў загучаў, але ў новым фармаце.
![dscf5579.jpg dscf5579.jpg](/img/v1/userfiles/images/dscf5579.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Музыка Лявон Вольскі прызнаўся, што не чакаў такой вялізнай увагі да “Народнага альбому” і праз 20 гадоў:
— Я шчыра кажучы, не чакаў. Не ведаю чаму. Але калі граю нейкія сольныя канцэрты, або супольна з Паўлам Аракелянам, то мы граем тое-сёе з “Народнага альбому”. І я магу засведчыць, што маладыя людзі, якія прыходзяць, яны проста не ведаюць, што гэта такое. Я распавядаю ім, што вось ёсць такі праект, пра міжваенны перыяд, пра заходнебеларускае мястэчка. Мая дачка памятала гэты праект, але для яе таксама гэта не было нейкай такой ужо з’явай. А цяпер яна пераслухала ўвесь “Народны альбом”, і кажа — дык гэта ж геніяльная штука!
Адкрыла канцэрт дырэктарка “Белсату” Агнешка Рамашэўская-Гузы:
— Прэм’ера “Народнага альбома. 20 год” стала вялікай праверкаў для незалежнага тэлеканала. Музычны спектакль па “Народным альбоме” трэба ставіць і ў беларускай сталіцы, яго не трэба адрываць ад гледачоў, для якіх ён створаны.
Журналіст Генадзь Кеснер з газеты “Новы час” узгадваў часы, калі “Народны альбом” толькі паўставаў:
— Ой, гэта ж успаміны маладосці па-першае, паколькі я меў самае непасрэднае дачыненне да “Народнага альбома”. Пісаўся ён у нас на студыі тагачаснай радыё “101.2”. Пісаўся працяглы час, была вельмі вясёлая, гумарная атмасфера, вялікая энергетыка, гэта супольны праект таленавітых музыкаў.
Спявачка Вераніка Круглова дзеля праекту адмыслова прыехала з Нямеччыны:
— Па-першае, мы ўсе тады сябравалі. Ніхто не ведаў, што гэта будзе нешта такое культавае. Сябравалі, разам елі, пелі, пілі, спявалі. Гэта было натуральна, ніхто не ведаў, што нешта з гэтым будзе далей адбывацца.
Агулам удзел у канцэрце ўзялі: Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Аляксандр Памідораў і Сяргей Ахрамовіч. Іх падтрымалі два гурты: «Apple Tea» і «Aquarelle Quartet».
![dscf5569.jpg dscf5569.jpg](/img/v1/userfiles/images/dscf5569.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сярод прысутных было шмат беларускіх палітыкаў — Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў ды Мікалай Статкевіч разам з жонкамі, Юрась Губарэвіч ды іншыя.
Таксама “Народнай альбом. 20 год” наведаў экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Андрэй Саннікаў:
— Гэты праект вельмі шмат значыў для мяне. Для мяне гэта геніяльная з’ява, я быў ёй агаломшаны ад самага пачатку. Я лічу, што такога якаснага, такога моцнага па энергетыцы, інтэлектуальна моцнага твору — ў нас не было.
Прысутнічала і шмат падляшскіх беларусаў. Аліна і Мікола Ваўранюкі перакладалі “Народны альбом” на польскую мову. Гэты пераклад у час канцэрта ішоў у выглядзе “бягучага радка” над сцэнай.
Аліна падзялілася ўражаннямі адразу пасля канцэрту: “Я ў поўным захапленні. На вялікай сцэне, класныя аранжыроўкі, шмат прафесійных музыкаў, шыкоўныя касцюмы”.
![dscf5610.jpg dscf5610.jpg](/img/v1/userfiles/images/dscf5610.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Арганізатарам праекту “Народны альбом. 20 год” выступіў незалежны тэлеканал “Белсат”. Рыхтуецца таксама відэаверсія гэтага праекту, яе паказ запланаваны на навагоднюю ноч.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Станіслаў Раманчук