«Оскар-2020». Гістарычная перамога «Паразітаў»

Уначы ў ЗША адбылася 92-я цырымонія ўручэння прэстыжнай кінапрэміі «Оскар». Трыумфаваў фільм «Паразіты», які перамог у галоўных намінацыях. У тым ліку ён стаў найлепшым фільмам.

Кадр з фільма «Паразіты»

Кадр з фільма «Паразіты»

Прычым упершыню ўвогуле ў гісторыі «Оскара» найлепшым фільмам была прызнана неангламоўная стужка. Натуральна, што «Паразіты» перамаглі і ў намінацыі «Найлепшы замежны фільм». Яшчэ дзве ўзнагароды «Паразітаў»: паўднёвакарэец Пон Джон-Хо стаў найлепшым рэжысёрам і стужка адзначана за найлепшы арыгінальны сцэнарый.
Найлепшым акцёрам стаў Хаакін Фенікс (фільм «Джокер»), а актрысай – Рэне Зелвегер («Джудзі»). Што да іншых намінацый, адзначым перамогу «Трусіка Джоджа» за найлепшы адаптаваны сцэнарый, Брэда Піта ў «Аднойчы ў... Галівудзе» і Лору Дэрн у «Шлюбнай гісторыі» – за лепшыя ролі другога плану, фільм «1917» – за найлепшую аператарскую работу, візуальныя эфекты і гук.
Фільм «Паразіты» – і камедыя, і драма. Тут суплёт розных жанраў. Фільм распавядае пра сям’ю карэйскага беспрацоўнага Гі-тхэка, як, каб наладзіць фінансавае становішча, вырашае падзарабіць на багатай сям’і Пак, уладкоўваючы да яе на працу сябе, жонку і дзяцей. Гэта прывяло да камічных і трагічных нечаканак. Дарэчы, «Паразіты» да «Оскара» заваявалі «Залатую пальмавую галіну« у Канах.