Па шляху Купалаўскага? У гродзенскім драмтэатры пасля звальнення акцёркі адмянілі спектакль

Спектакль «Беларуская камедыя», які павінен быў пачацца ў гродзенскім драматычным тэатры ў 19:00 22 верасня, адменены «па незалежных ад тэатру абставінах».

655f4cc8_5767_4cb6_970c_f1e3be7a982a_cx0_cy10_cw0_w1597_n_r1_st.jpg


Увечары новы старшыня Гродзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік павінен сустрэцца з артыстамі. У тэатр прыйшла начальніца ўпраўлення культуры аблвыканкаму Алена Клімовіч.

20 верасня ў Гродна падчас акцыі пратэсту затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку разам з жонкай, артысткай Валянцінай Харытонавай. Калегі, калі даведаліся пра гэта, ад эмоцый не здолелі даіграць спектакль. У залі прысутнічала не больш за два дзясяткі гледачоў. Большасць вырашылі здаць білеты пасля няскончанага спектаклю, 4 чалавекі не здавалі. Цяпер артысты мусяць кампенсаваць кошт усіх квіткоў, якія вярнулі.

Дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатру Ігар Гедзіч выклікаў да сябе акцёраў, задзейнічаных у спектаклі, і сказаў пісаць тлумачальную запіску, ці яны былі ініцыятарамі зрыву спектакля, ці закладнікамі сітуацыі. Прыгразіў, што звольніць тых, хто не напіша.

Паводле акцёра драмтэатру Васіля Мініча, артыстку Елізавету Мілінцэвіч, якая ўдзельнічала ў нядзельным спектаклі, звольнілі пасля адмовы пісаць дырэктару тлумачэнне.

Паводле Радыё Свабода