Паэт Дзмітрый Быкаў упершыню прыедзе ў Мінск

16 снежня ў зале Палаца культуры прафсаюзаў адбудзецца творчы вечар Дзмітрыя Быкава — паэта, пісьменніка, журналіста, асветніка, аднаго з аўтараў праекта «Грамадзянін паэт». Гэта будзе яго першы творчы вечар у Мінску.

bykov_photo03.jpg


Дзмітрый Быкаў нарадзіўся і вырас у Маскве. Кар'еру журналіста пачынаў у сярэдзіне 80-х у газеце «Собеседник», паралельна працаваў настаўнікам у школе, з 1991 года — член Саюза пісьменнікаў Расіі. На сённяшні дзень ён з'яўляецца прафесарам кафедры сусветнай культуры і літаратуры МГІМО (У) МЗС Расіі, вядучы праграм на тэлеканале «Дождь» і радыё «Эхо Москвы».

Быкаў з'яўляецца аўтарам раманаў, апавяданняў, паэзіі, а таксама біяграфій Уладзіміра Маякоўскага, Булата Акуджавы, Барыса Пастэрнака, Максіма Горкага. Яго творы неаднаразова ўдастойваліся Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Аркадзя і Барыса Стругацкіх, прэміі «Нацыянальны бестселер» і іншых.



Адным з найбольш рэзанансных праектаў з удзелам Дзмітрыя Быкава стаў відэацыкл «Грамадзянін паэт», што выходзіў у інтэрнэце, у рамках якога напісаныя ім вершы ў жанры палітычнай сатыры, вытрыманыя ў стылістыцы вядомых паэтаў мінулага, чытаў Міхаіл Яфрэмаў. Выпускі сабралі мільёны праглядаў на YouTube.
Зрэшты, Быкаў — гэта не толькі ўзнагароды і літаратурныя працы, лекцыі і відэапраэкты. Гэта, перш за ўсё, іранічны інтэлектуал: таленавіты, незалежна мыслячы і гатовы выказваць нязвыклыя ідэі і погляды, глядзець пад іншым вуглом і заахвочваць да гэтага сваю аўдыторыю. У рамках творчай сустрэчы ў Мінску ён прачытае паэзію і прозу, раскажа пра малавядомыя моманты свайго жыцця і, вядома ж, адкажа на пытанні гледачоў.
Творчы вечар Дзмітрыя Быкава адбудзецца 16 снежня ў ПК прафсаюзаў. Пачатак у 19:00. Квіткі на сайце Kvitki.by і ў касах.