Экалагічна, смачна і зусім без мяса: у Мінску праходзіць «Пастарнак» (фота)
Чарговы эка-маркет «Пастарнак» сёння заняў усю прастору культурніцкага цэнтра «Корпус». Мы наведалі ярмарку і паглядзелі, што там можна набыць і чым пачаставацца.

Мэта маркета — звесці гарадскія кавярні і крамы на адной пляцоўцы, каб яны маглі падзяліцца сваімі лепшымі вегетарыянскімі і веганскімі рэцэптамі, а таксама правесці майстар-класы па падрыхтоўцы спецыяльных страваў. Апроч ежы на «Пастарнаку» можна набыць натуральную касметыку, бяспечную бытавую хімію, кулінарныя кнігі, аксесуары, прадметы інтэр'еру, цацкі і падарункі з экаматэрыяла.



Гэтым разам фармат падзеі не такі вялікі, усяго каля двух дзясяткаў стэндаў. Мала і вегетарыянскага фастфуду: вялікая чарга стаяла толькі ля пункту сеткі «Суп культура», дзе можна набыць веганскія супы з ядомым кубачкам. Не прадаваліся вегетарыянскія кілбасы. Затое шмат розных прысмакаў, шэраг відаў гарбаты, экалагічны хлеб і нават веганскі корм для кошак і сабак.
Эка-маркет працуе толькі 16 верасня да 22 гадзін.