«Перліна ў кароне Магілёўшчыны» — на кансервацыю Быхаўскага замка скончыліся грошы
Чатыры гады таму чыноўнікі абяцалі знайсці сродкі, каб пачаць рэканструкцыю Быхаўскага замка. Тым часам гісторык і дэпутат палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк аптымістычна настроены наконт будучыні помніка архітэктуры. Ён запэўнівае, што працы завершаць і замак будзе не горшы за Мірскі.
![Быхаўскі замак на адной з рэканструкцый у Быхаўскім музеі Быхаўскі замак на адной з рэканструкцый у Быхаўскім музеі](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Быхаўскі замак на адной з рэканструкцый у Быхаўскім музеі
Ад банернай сеткі, якой прыкрывалі на Дзень беларускай пісьменнасці замак, за тры гады засталіся шматкі. На ацалелым кавалку ёсць звесткі, хто ўзводзіў цытадэль, каму яна належала. І што рэканструкцыя быхаўскай цвержы ўключаная ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» на 2012–2018 гады. Выгляд помніка архітэктуры адначасна велічны і жалю варты.
Гэта цуд
Маладая пара з Расіі доўга аглядала замак. Госці пахадзілі па пакоях, з цяжкасцю адолелі беларускамоўны тэкст на рэштках банернай заслоны. Расійцы сказалі, што вандруюць па Беларусі. Пабылі ў Нясвіжы ды Міры. Падзівіліся на тамтэйшыя замкі, а Быхаўскі іх шакаваў.
![Быхаўскі замак у рэальнасці Быхаўскі замак у рэальнасці](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Быхаўскі замак у рэальнасці
«Стан замка далёкі ад нармальнага. Але калі ўявіць, які ён быў, напрыклад, у сямнаццатым, васямнаццатым стагоддзі, дык гэта цуд», — першым азваўся мужчына. Ягоная спадарожніца дадала: «Там нібыта напісана, што да 2018 году рэстаўрацыя. Дык як студэнты ў апошнюю ноч перад экзамэнамі рыхтуюцца да іх, гэтак і замак пачнуць аўральна аднаўляць, як тэрмін будзе сыходзіць».
«Цяпер з замкам нічога ня робяць — гэта ж відавочна», — працягнуў сябар суразмоўніцы.
«Нават параўноўваць яго з замкам у Міры некарэктна. Тамтэйшы замак, відаць, быў у такім самым стане. І гэты можна аднавіць. Цяпер жа тут заняпад. Як ён яшчэ не абрынуўся, — сказаў госць з Расіі. — Заклалі вокны, відаць, каб ня лазілі па іх. Але ўваход ёсць, таму лазіць можна колькі заўгодна. Толькі вежы выглядаюць навюткімі. Нядаўна, відаць, выклалі ходнік, ліхтары паставілі — і ўжо паспелі пабіць. Звярнулі ўвагу, што ў самім замку пабураныя дымаходы — так і ў нас шукаюць скарбы».
Прыбіраем смецце — на большае няма грошай
Напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці пра Быхаўскі замак шмат пісалі і гаварылі. За прамінулы час сцены помніка архітэктуры ўмацавалі мэталічнымі сцяжкамі, а дзвярныя праёмы, каб не абваліліся, драўлянымі брусамі. Гэтыя ўмацаванні ўжо паспелі паламаць. У замкавых пакоях пазвальвана смецце. Паўсюль пластыкавыя бутэлькі з-пад піва.
![Шматкі банернай заслоны і ацалелы кавалак са звесткамі пра замак Шматкі банернай заслоны і ацалелы кавалак са звесткамі пра замак](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шматкі банернай заслоны і ацалелы кавалак са звесткамі пра замак
У Быхаўскім райвыканкаме на пытанне пра лёс помніка архітэктуры адказалі: на яго няма фінансавання.
«Хоць замак унесены ў праграму „Замкі Беларусі“, але фінансаванне працаў ажыццяўлялася з праграмы „Культура Беларусі“. Гэтая праграма да канца не сфармаваная, а сродкі былі адтуль. Цяпер неабходныя грошы, каб завяршыць працы па кансервацыі аб’екта», — сказаў супрацоўнік райвыканкаму.
Паводле яго, у адноўленым замку плянавалася размясціць музей і залю для рэгістрацыі шлюбаў. Час ад часу, дадаў ён, замак прыбіраюць ад смецця.
![Замак з далечыні. Разбураная веліч Замак з далечыні. Разбураная веліч](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Замак з далечыні. Разбураная веліч
Чыноўнік параіў звярнуцца па больш дэталёвую інфармацыю ў Цэнтр па рэстаўрацыі пры Магілёўскім аблвыканкаме, які займаецца праектаваннем працаў.
Пра рэстаўрацыю гаворкі няма
У Цэнтры пацвердзілі: рэканструкцыя Быхаўскага замка ажыццяўлялася паводле праграмы «Культура Беларусі». Не сталі рабіць таямніцы, што грошай там няма.
«Мы папрацавалі над прадухіленнем аварыйных сітуацый з некаторымі элементамі. Сцяжкамі змацавалі сцены, каб яны не разыходзіліся і не разваліліся, бо адсутнічае перакрыцце. На большае грашовых сродкаў няма», — сказаў супрацоўнік цэнтру.
Навуковы кіраўнік рэстаўрацыйных прац Уладзімір Сіняўскі з жалем адзначае, што распачатае аднаўленне замкавых вежаў не ўдалося завяршыць, бо спынілася фінансаванне.
«Прыгажосць вежаў была ў шмат’ярусным даху з купаламі, накшталт нясвіжкіх», — патлумачыў ён. Што да рэстаўрацыі самога замка, то, паводле спецыяліста, гаворкі пра яе пакуль няма.
![Замкавыя вежы. Узведзеныя, але не завершаныя Замкавыя вежы. Узведзеныя, але не завершаныя](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Замкавыя вежы. Узведзеныя, але не завершаныя
«Яшчэ доследы не пачыналіся. Часткова выканалі толькі археалогію. Рабілі толькі кансервацыйныя працы, і ўсё на гэтым», — сказаў Уладзімір Сіняўскі.
У 2012 годзе заяўлялі, што на кансервацыю Быхаўскага замка выдзеленыя два мільярды рублёў. Прызнавалася, што гэтая сума замалая. Чыноўнікі аблвыканкаму браліся тады знайсці дадатковае фінансаванне:
«Задача стаіць, каб частку рэстаўрацыі пачаць у 2013 годзе, нейкія элементы аднаўлення паказаць да Дня пісьменства. Два мільярды для такога замка — нязначная сума. Мы вядзем перамовы, і ёсьць разуменне і падтрымка з боку міністра культуры пра тое, што будзе разглядацца пытанне пра дадатковае фінансаванне», — абяцаў цяпер ужо былы начальнік упраўлення Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Сынкавец.
![Сцены замка ў ахоўных шыльдах Сцены замка ў ахоўных шыльдах](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak6.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сцены замка ў ахоўных шыльдах
Тады ж казалі, што рэканструкцыю помніка архітэктуры завершаць да 2018 году. Пакуль жа з абяцанага часткова аднавілі згаданыя дзьве замкавыя вежы і ўмацавалі сьцены самога замка, каб не разваліліся.
Хто здолее аднавіць замак?
Быхаўскі замак узьвялі як абарончае збудаванне ў першай палове сямнаццатага стагоддзя. Належаў ён гетману Вялікага Княства Літоўскага Яну Хадкевічу. Потым ім завалодалі Сапегі. Цяпер заняпалая цытадэль узвышаецца па-над крутым схілам абарончага рова. З акон відаць шырокі дняпроўскі поплаў.
![Замак знутры. Аварыйныя элемэнты прыбралі, але вывезці забылі Замак знутры. Аварыйныя элемэнты прыбралі, але вывезці забылі](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak7.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Замак знутры. Аварыйныя элемэнты прыбралі, але вывезці забылі
Доўгі час у мурах замка размяшчаліся розныя вытворчасці. Калі будынак ужо пуставаў, здарыўся пажар, які зьнішчыў частку даху. Пасьля гэтага разбурэнне пайшло хутчэй. Быхаўскі замак — адзінае абарончае збудаванне, якое ацалела на ўсходзе Беларусі.
«Быхаўскі замак варта аднавіць. На гэта патрэбна найперш жаданне, а калі яно будзе, то грошы можна знайсці», — такой думкі трымаецца турыстка, зь якой удалося пагутарыць ля помніка архітэктуры.
«Толькі варта запрасіць спецыялістаў, якія ўмеюць рэстаўраваць такія будынкі, — дадае яна. — Ягоны стан не настолькі жахлівы, як напрыклад, Любчанскага замка. Той нашмат больш разбураны, але яго аднаўляюць. У Быхаўскага замка засталіся сцены, а гэта нямала».
![Замак трымаецца дзякуючы старым зводам і сценам у мэтар таўшчынёю Замак трымаецца дзякуючы старым зводам і сценам у мэтар таўшчынёю](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak8.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Замак трымаецца дзякуючы старым зводам і сценам у мэтар таўшчынёю
«А можа, пакуль лепей ня брацца за рэстаўрацыю», — асьцярожна выказваецца яшчэ адна турыстка.
«Неяк у нас дужа кепска з гэтай справай у Беларусі. Як на мяне, то ў нас няма кваліфікаваных будаўнікоў-рэстаўратараў. Як ні возьмуцца, то навабуды са старога выходзяць, — працягвае суразмоўніца. — А так падставы і гістарычныя, і культурныя для захавання гэтага помніка відавочныя. Ён важны не толькі для Магілёўшчыны, але і для Беларусі. Аднаўляць жа яго трэба такім, якім ён быў збудаваны. Але да гэтага шмат чаго трэба яшчэ зрабіць».
Пэрліна ў кароне Магілёўшчыны
Гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк называе Быхаўскі замак адной з «пэрлінаў у кароне Магілёўшчыны».
![Другі паверх замка зарастае. Справа — пабураны дымаход. Шукалі скарбаў Другі паверх замка зарастае. Справа — пабураны дымаход. Шукалі скарбаў](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak9.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Другі паверх замка зарастае. Справа — пабураны дымаход. Шукалі скарбаў
«Ёсць Мсціслаў, які цяпер мы робім дужа якасна. Прыязджайце на „Дажынкі“, пабачыце, які прыгожы горад атрымаўся, які там беларускі дух адчуваецца. Ёсьць Жылічы, і ёсць Быхаў», — кажа гісторык.
![Элементы кансэрвацыі Элементы кансэрвацыі](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak10.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Элементы кансэрвацыі
«Гэтыя тры аб’екты на кантролі ўва ўсіх, — настойвае ён. — І мы будзем імі займацца, не забываючы, зразумела, пра іншыя рэгіёны. Па Быхаву я збіраюся рабіць манаграфію ды праводзіць комплексныя даследаванні. На Быхаўскі замак ніхто не забываецца. Будзем прыцягваць на яго сродкі».
Ігар Марзалюк не пагаджаецца з пазіцыяй, што помнік архітэктуры разбурыцца, пакуль знойдуць на яго фінансаванне.
![Удалечыні дняпроўскі поплаў Удалечыні дняпроўскі поплаў](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak11.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Удалечыні дняпроўскі поплаў
«Яго ніхто не разбурае, а сам па сабе ён не разбурыцца, — кажа суразмоўца. — Стан ягоны сапраўды сумнаваты. Куды тут падзецца! Помнікаў у Беларусі, якія чакаюць рэстаўрацыі, вельмі шмат. Але мы хаця б з замкам пачалі першы этап. А калі яго пачалі, то завяршым і астатнія. Быхаўскі замак будзе ня горшы за Мірскі — з цягам часу будзе цалкам адноўлены, і будуць там экспазіцыі. Іншая справа, што ўсё гэта немагчыма зрабіць за год ці за два».
![Ад аднаго крыла замка засталася адна сцяна Ад аднаго крыла замка засталася адна сцяна](/img/v1/userfiles/images/bychauski_zamak12.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ад аднаго крыла замка засталася адна сцяна
Паводле Радыё Свабода