Першы канцэрт опернай зоркі ў новай якасці!

Ужо заўтра, 13 сакавіка, Маргарыта Ляўчук дасць канцэрт анлайн у дуэце з Андрэем Павуком.

lp_1.jpg

Вядомая беларуская оперная спявачка і актрыса, лідарка блока «Культура і нацыянальная спадчына» ў НАУ Маргарыта Ляўчук стала яскравым сімвалам пратэсту-2020. Засцерагаючыся рэпрэсій, яна вырашыла часова з'ехаць з Беларусі.
Не менш знакаміты блогер з пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці Андрэй Павук — аўтар youtube-канала «Рудабельская паказуха», грамадзянскі актывіст, неаднаразова па надуманых падставах прыцягваўся ўладамі да адміністрацыйнай адказнасці. Шырокую вядомасць атрымаў як аўтар хіта «Я з вёскі» ў выкананні Ксеніі Дзягелька. Восенню 2020-га ён разам з сям’ёй не змог вярнуцца ў Беларусь з-за пераследу.
Андрэй і Маргарыта працягваюць актыўны супраціў. Разам яны заснавалі дуэт пад назвай «Чырвоная зелень», які ўжо заваяваў папулярнасць сваімі сатырычнымі песнямі на злобу дня.
У суботу яны дадуць свой першы анлайн-канцэрт і адкажуць на пытанні ў жывым эфіры ў межах праекта Беларускага фонду культурнай салідарнасці #АртыстыПерамогі.
Пасля таго, як 2 сакавіка ў клуб, дзе здымалі наступную серыю канцэртаў з удзелам у тым ліку брэсцкіх рокераў «Дай дарогу!», прыйшлі сілавікі, праект у межах Беларусі часова прыпыніўся ў мэтах бяспекі. Але ён здабыў другое жыццё з дапамогай музыкаў, якія апынуліся па-за межамі Радзімы.—
Фэст «Артысты перамогі» ладзіцца ў гонар мужных музыкаў, якія, нягледзячы на ўсю небяспеку, ідуць да людзей, граюць, натхняюць сваёй творчасцю ўсіх нас!
Трансляцыя канцэрту адбудзецца ў гэтую суботу, 13 сакавіка, у 20.00 па беларускім часе тут.