Прастаяў 600 год, а цяпер у кожны момант можа рухнуць
Прырода знішчае рэшткі замку ў Наваградку, культурны пласт ля самога помніка таксама знішчаецца, але ўжо рукамі людзей. А паратунак — горшы за бяздзеянне.
Грунтовыя воды размываюць схіл пад Касцельнай вежай у Наваградку. Шчыліны на маяках павялічваюцца, у любы момант мы можам страціць помнік гісторыі.
«Праблема ў гэтай вежы. Грунтовыя воды. Гэта адна частка вод, а там, наверсе аднекуль таксама вада б’е і падмывае яе. І калі заўтра вежа не вытрымае, я не здзіўлюся», — кажа археолаг Андрэй Мяцельскі.
Каб спыніць разбурэнне, распрацаваны праект адводу грунтовых водаў і ўмацавання схілу. Для гэтага неабходна пракласці дарогу для праходу буравой устаноўкі. Яе кладуць праз роў, які ўваходзіць у ахоўную зону. Культурны пласт дастаецца экскаватарам.
Папярэдніх археалагічных раскопак у гэтым месцы не праводзілася. Замест гэтага быў аформлены навуковы нагляд Інстытуту гісторыі Акадэміі навук.
«Ніякага тут страху няма абсалютна. Вось калі яны па праекту пойдуць сюды, у іх па праекту разваротная пляцоўка. Каб тут падвозіць. Вось тут праблема зараз. Я ім сказаў: «Хлопцы, праз 2 дні я спыняю працы. Бо вал рэзаць я вам не дам проста», — зазначае археолаг Андрэй Мяцельскі.
Гісторыкі і краязнаўцы б’юць трывогу, бо ні пра якія навуковыя даследаванні ў такой сітуацыі гаворкі не ідзе.
«Гэта, я лічу, — сапраўдная катастрофа. Калі на такіх помніках дазваляецца …назаву злачынства, калі дазваляецца на помніках такой значнасці. Значыць, на помніках меншай значнасці гэта будзе адбывацца ўвогуле без усялякага шуму», — кажа Зміцер Юркевіч з Арт-суполкі ім. Тадэвуша Рэйтана.
Аб праблемах з вежай стала вядома яшчэ ў пачатку года, працы ж на аб’екце пачаліся толькі ў кастрычніку. А за гэты час можна было правесці раскопкі, кажуць актывісты. Але фармальна парушэнняў заканадаўства няма, бо новы кодэкс аб культуры дазваляе афармляць толькі нагляд нават на такіх значных аб’ектах, калі гэта зручна дзяржаве.
«Гэты дакумент шмат у якіх пазіцыях проста легітымезуе знішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку і археалагічнай спадчыны. І адназначна трэба ўносіць змены, дапаўненні ў кодэкс аб культуры», — кажа Антон Астаповіч з Таварыства аховы помнікаў.
Юрыдычна ініцыяваць унясенне зменаў можна будзе толькі пасля Новага года. Таварыства аховы помнікаў ужо праводзіць аналіз кодэксу ды распрацоўвае свае прапановы.
Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»
Відэа з дрона — BDZ.BY