Прэмію Анемпадыстава прысудзілі за вокладку кнігі «НЕрасстраляныя»
Пераможцам прэміі стаў Анатоль Лазар, вядомы пад творчым псеўданімам Wiecier Mechaniczny. Кніга прысвечана беларускім літаратарам, забітым у 1937 годзе.
«НЕрасстраляныя» — гэта велічэзны і вельмі значны праект для беларускай гісторыі і культуры, — напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. — Гэты том мусіць быць у бібліятэцы сучаснага культурнага беларуса. А дзякуючы вокладцы яго прыемна браць у рукі і паважна трымаць на палічцы. Талент дызайнера ў тым, каб візуалізаваць годнасць, трагічнасць і шляхетнасць зместу. Гэта зроблена далікатна і філігранна праз моцную графічную абстракцыю, колер, шрыфт, кампазіцыю. Дасканалы праект у адпаведнай вокладцы».
Таксама Анатоль Лазар стаў пераможцам «Выбар Белс*ту» за вокладку да кнігі Івана Мележа «Людзі на балоце».
Прэмія за найлепшую кніжную вокладку заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава. Узнагарода прысуджаецца беларускаму аўтару або камандзе аўтараў вокладкі. Журы ацэньвае дызайн, паліграфічнае выкананне і адпаведнасць афармлення зместу кнігі.
Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭНу/PEN Belarus сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і Лятучым універсітэтам, а таксама Белс*т TV, Fundacja Open Culture/Otwarta Kultura і H&L Group.