Прэмію за турэмную літаратуру перанеслі на 2021 год. Сярод намінантаў — аўтар «Новага часу»

Беларускі ПЭН-цэнтр і Радыё Свабода паведамілі пра змены ў прысуджэнні прэміі імя Францішка Аляхновіча за літаратурныя творы, створаныя на падставе асабістага турэмнага досведу.

7d61806b_a906_4475_b44d_00a331b6d8d3_cx0_cy1_cw99_w1023_r1_s.jpg


«Сёлетні год, на жаль, стварае надзвычайныя перадумовы для з’яўлення літаратуры, якая грунтуецца на асабістым аўтарскім досведзе існавання ў зняволенні. Заснавальнікі літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча, якой сёлета спаўняецца 10 гадоў, ад пачатку спадзяваліся, што з цягам часу яна стане непатрэбнай. Але палітычныя рэпрэсіі і вязні сумлення застаюцца вызначальнай характарыстыкай Беларусі ў 2020 годзе, і турэмныя творы ў прозе і вершах працягваюць нараджацца, пісацца, з’яўляцца на свет», — гаворыцца ў паведамленні арганізатараў, размешчаным на сайце Радыё Свабода.

Беларускі ПЭН і Радыё Свабода пастанавілі перанесці прысуджэнне прэміі імя Францішка Аляхновіча на наступны год, каб больш поўна выявіць здабыткі і творчы патэнцыял аўтараў — магчымых прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

Таксама вызначаная новая дата абвяшчэння лаўрэатаў — 15 лістапада, сусветны Дзень зняволенага пісменніка, які ад 1981 году адзначае Міжнародны ПЭН.

Такім чынам, новы творчы перыяд для прэтэндэнтаў ахоплівае час ад студзеня 2020 да кастрычніка 2021. Адпаведныя абвесткі будуць зроблены ў кастрычніку наступнага году.

Ужо цяпер на прэмію пададзена багата добрых твораў. Найперш гэта, канешне, нататкі Паўла Севярынца. Севярынец ужо быў лаўрэатам гэтай прэміі, і дзве яго кнігі напісаныя ў зняволенні — «Лісты з лесу» і «Беларуская глыбіня». Дый іншыя задумваліся ў турмах.

Сярод намінантаў — акрэсцінска-жодзінскія нататкі культуролага Рамана Абрамчука, якія пад назовам «Гэты Вася — падсадны, сто адсоткаў» былі надрукаваныя «Новым часе».

Таксама ў намінантах прэміі шмат беларускіх паэтаў, як вядомых, так і не вельмі. За кратамі пісалі вершы Эдуард Акулін і Дзмітрый Строцаў, Святлана Купрэева і Максім Знак, Ганна Комар і Андрэй Капліцкі.

Францішак Аляхновіч (1883–1944) — беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст і празаік. Яго аповесць «У капцюрах ГПУ» — першы твор сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта.