Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 23 верасня

Запрашаем дзетак і іх бацькоў 23 верасня (субота) у мінскую галерэю «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) на прэзентацыю кнігі шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста — «Фіндус з’язджае» — з удзелам акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык. Пачатак у 12.00. Уваход вольны!

findus_zjazd850.jpg

«Фіндус з'язджае» — шостая па ліку «абеларушаная» кніга, якая выйшла ў серыі «Каляровы ровар» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор». Забаўныя героі — дзядуля Пэтсан і коцік Фіндус — гавораць на нашай роднай мове дзякуючы перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч.

findus_zjazd01.jpg

У гэтай казцы распавядаецца пра тое, як стары Пэтсан вырашыў трошкі правучыць гарэзлівага і непаслухмянага коціка Фіндуса, які будзіў дзядулю а чацвёртай раніцы, і перасяліў яго ў маленькі асобны драўляны дамок а-ля вясковая прыбіральня. 

Што з гэтага выхаваўчага працэсу атрымалася, і ці можа дзядуля жыць адзін і не сумаваць без кацяняці-непаседы, кожны ахвотны зможа дазнацца са старонак шыкоўна ілюстраванай кнігі.

findus_zjazd02.jpg


На імпрэзе вас чакае выступленне акцёраў Ганны Хітрык (Фіндус) і Паўла Харланчука (Пэтсан), якія прадставяць маленькім чытачам і чытачкам новую гісторыю пра ўлюбёных герояў. Далучайцеся!  

Арганізатары  — ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”


Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”