Вялікабрытанія. Спадніца як адзіная школьная форма
Тэма ўніформы для школьнікаў цікавіць не толькі кіраўніцтва Беларусі, але, як высветлілася, і брытанцаў.
![Фота з сайта kot-de-azur.livejournal.com Фота з сайта kot-de-azur.livejournal.com](/img/v1/images/0_f83f2_3026d9e9_orig.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сайта kot-de-azur.livejournal.com
Тут традыцыйна кожная школа мае свой фасон адзення. Аднак некаторым гэтага мала.
Адной з такіх аказалася дырэктар школы ў гарадку Льюіс. Яна запатрабавала ад дзяўчынак хадзіць у школу выключна ў нагавіцах, што выклікала агульнанацыянальныя дэбаты. Шмат хто пабачыў у гэтым замах на прынцыпы гендэрнай роўнасці і прыцісканне жаночай сексуальнасці.
Аднак нечакана вельмі моцна заявіла пра сябе фракцыя, якая патрабуе, каб не дзяўчынкі хадзілі ў нагавіцах, а хлопчыкі мелі права хадзіць у спадніцах. На іх думку, гэта дазволіць выпрацаваць павагу да супрацьлеглага полу.
Нягледзячы на экзатычнасць дэбатаў, выключаць варыянт таго, што ўсе вучні Брытаніі будуць хадзіць у спадніцах, нельга. Нечакана высветлілася, што ў статутах 120 школ Альбіёну хлопчыкам даецца права хадзіць на заняткі ў спадніцах.
![Фота з сайта mel.fm Фота з сайта mel.fm](/img/v1/images/590.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сайта mel.fm
Паводле брытанскай прэсы