Раман Арлоў прадстаўляе феміністычную версію казкі «Як літара Ў Каляды ратавала»
2 студзеня ў 15:00 у Маладзёжным тэатры эстрады гледачы зноў пабачаць герояў з музычных казак пра літару Ў, створаных беларускім кампазітарам, сцэнарыстам і прадусарам Раманам Арловым.
Спектакль створаны па матывах каляднай казкі папярэдніх гадоў. Аднак гэтым разам у чароўным бары згубяцца не толькі літары са слова "НАДЫШОЎ"... але і Яська, які разам з Янінкай у папярэдніх калядныхпастаноўках шукалі чароўныя літары.
Разумная, маленькая дзяўчынка Янінка, сапраўдная малайчынка, паспрабуе самастойна вырашыць усе жыццевыя цяжкасці, а дапамогуць ёй у гэтым, канешне ж, літара Ў нескладовае, гарачы Жыжаль-агонь і магчыма нават Ярыла-сонца, які пры дапамозе прамога ўключэння са светлага выраю, дзе Ярыла-сонца зімуе, дасць некалькі карысных парад. А дакладней: як перамагчы злую чараўніцу Марану з яе слугамі — халоднымі ільдзінкамі, вызваліць з ледзянога палону літары і выратаваць Каляды.
«Мінула 3 гады, як мы з Віталём Супрановічам правялі першы паказ дзіцячай казкі пра Літару Ў. Зараз наш спектакль выглядае значна лепш, чым было ад пачатку. Мы набраліся досведу. З поспехам наведалі Ашмяны, Гродна... Таму, хто быў на нашай казцы тры гады таму, а наступныя паказы прапусціў, прапаную наведаць і зараз. Упэўнены, Вы не расчаруецеся! На жаль, сітуацыя з рэпертуарам для дзяцей на беларускай мове проста катастрафічная. У рэпертуары прыватных кампаній спектакляў для дзяцей практычна няма. Робяць нешта грамадскія ініцыятывы. Нават у Тэатры Юнага Гледача рэкламуюцца актыўна рускамоўныя праграмы для дзетак. Гэта вельмі здзіўляе і непакоіць...» — адзначае Раман Арлоў.
Квіткі можна набыць тут альбо ў касе Маладзёжнага тэатра эстрады.
Дзецям да 3х год уваход бясплатны. Усім дзецям будуць салодкія пачастункі, а бацькам музычныя падарункі ад арганізатараў і партнёраў.
Даведкі: +375 44 5517706, +375 29 8517706
А вось відэа-версія «Як літара Ў уратавала Каляды».
Паводле прэс-рэліза