Рэпер R.Kelly быў прызнаны вінаватым у сексуальным гвалце і захоўванні дзіцячай парнаграфіі

Раней спевака таксама прызнавалі вінаватым у рэкеце і секс-трафіку.

r_kelly.jpg

Амерыканскі рэпер R.Kelly, аўтар хіта «I Believe I Can Fly», прызнаны вінаватым у сексуальным гвалце ў дачыненні да непаўнагадовых і вырабе дзіцячай парнаграфіі, піша «The Guardian». Новым прысудам выканаўца прызнаны вінаватым па шасці з 13 прад'яўленых яму абвінавачанняў.
R.Kelly абвінавачваўся ў сексуальных зносінах з непаўнагадовымі ў 1996, 2001 і 2002 гадах. У чэрвені 2002 года яго абвінавацілі ў стварэнні дзіцячай парнаграфіі, але пасля суда ў 2008 годзе апраўдалі.


Судовы працэс у 2008 годзе быў сканцэнтраваны на 30-хвілінным відэа, на якім R.Kelly жорстка абыходзіўся з 14-гадовай дзяўчынкай. Прысяжным давялося апраўдаць выканаўцу, бо дзяўчына з відэа не давала паказанняў. Аднак у федэральным судзе ў Чыкага 37-гадовая Джэйн заявіла, што на відэа была яна. Жанчына сказала, што R.Kelly згвалціў яе «сотні разоў», перш чым ёй споўнілася 18 гадоў.
Яшчэ чатыры жанчыны абвінавацілі спевака ў гвалце над імі ў дзяцінстве, далі паказанні больш за 30 сведак.
R.Kelly ўжо адбывае 30-гадовы тэрмін зняволення ў Нью-Ёрку па федэральных абвінавачаннях у рэкеце і секс-гандлі. З гэтага часу 55-гадовы выканаўца не мае права выходзіць на волю, пакуль яму не споўніцца каля 80 гадоў.