Сёння пратэстанцкія цэрквы адзначаюць 500-годдзе Рэфармацыі
У 1517 годзе Марцін Лютэр абвясціў свае 95 тэзаў, якія ён прыбіў на дзвярах касцёла ў Вітэнбэрзе. Гэтая падзея дала пачатак руху Рэфармацыі ў касцёле.
Што такое Рэфармацыя і як яна прыйшла на беларускія землі, Польскаму радыё распавядае Пастыр Царквы веры евангельскай Ян Прадвеснік Антоні Бокун.
Галоўнай прычынай выступу Марціна Лютэра супраць касцельных уладаў сталі індульгенцыі – гэта дакументы, якія адпускалі чалавеку грахі. Кожны хрысціянін мог сабе купіць такую форму адпушчэння правінаў.
Антоні Бокун адзначае, што Марцін Лютэр агучыў пазіцыю многіх хрысціянаў, аднак не спадзяваўся, што гэта прывядзе да ўзнікнення новых касцёлаў.
А. Бокун: Марцін Лютэр пратэставаў супраць злоўжыванняў, якія былі ў Каталіцкай царкве таго часу. Яго дзеянні былі скіраваныя супраць індульгенцый. Увогуле Марцін Лютэр ня думаў, што яго тэзы будуць мець такі рэзананс.
Лютэр вельмі моцна выказваўся супраць продажу індульгенцый. Ён казаў, што Біблія кажа пра іншае: галоўнае — не пакупка прабачэння грахоў, а пакаянне чалавека. Гэтыя тэзы былі распаўсюджаныя, але яны не прывялі адразу да з'яўлення новых цэркваў. З цягам часу яны сталі пачаткам дыскусіі. У выніку Каталіцкая царква павінна была заняць пазіцыю: ці яна падтрымлівае тэзы Марціна Лютэра, ці не. На вялікі жаль, Папа рымскі прыняў рашэнне, што Марцін Лютэр ня мае рацыі. Лютэр быў адлучаны ад царквы.
Ён з гэтым не пагадзіўся. У выніку нарадзіліся рэфарматарскія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая й іншыя. Важным таксама было пытанне суадносін, хто мае найвышэйшую ўладу ў царкве. Пратэстанцкія цэрквы лічаць, што найвышэйшая ўлада належыць Пісанню. Тое, што кажа Біблія, з'яўляецца нормаю. Традыцыі ці пастановы мудрых людзей неістотныя. «Адзін чалавек, які мае Біблію, можа супрацьстаяць і Папу рымскаму, і Сабору», — казаў Марцін Лютэр. Яго вядомыя словы: «Калі вы мяне не пераканаеце на падставе здаровага сэнсу, што мае погляды памылковыя, то я буду іх прытрымлівацца. Няхай дапаможа мне Бог».
На беларускія землі Рэфармацыя прыйшла амаль адразу. Ужо ў 1522 годзе некаторыя віленскія прапаведнікі навучалі ў духу Марціна Лютэра.
А. Бокун: Адзін з іх нават быў пазбаўлены пасады за пропаведзь у духу Рэфармацыі. Улічваючы тое, што прадстаўнікі многіх магнацкіх родаў навучаліся за мяжою, гэтыя ідэі хутка прымаліся. Ужо ў 1542 годзе была прынятая пастанова аб забароне навучаць «нямецкай веры», як тады казалі. Аднак было позна. У той час нават пры двары маладога князя Жыгімонта Аўгуста большасць прапаведнікаў была прыхільнікамі Рэфармацыі.
У Вялікім Княстве Літоўскім працэсы Рэфармацыі развіваліся вельмі падобна да іншых краін, толькі з мінімальным спазненнем. Рэфармацыя мела вялікі ўплыў найперш на эліту: магнатаў, шляхту, купцоў.Сёньня, 31 кастрычніка, з'яўляецца ня столькі днём нараджэння пратэстанцкіх цэркваў. Пратэстанты лічаць, што Марцін Лютэр аднавіў і зрабіў відочнаю плынь хрысціянства, якая існавала на працягу ўсіх стагоддзяў.
А. Бокун:Пратэстанты не аддзяляюць сябе ад папярэдніх стагоддзяў. Аднак у часы Лютэра гэтая плынь была ачышчаная, было ачышчанае біблейскае вучэнне. Гэта накірунак, які трымаецца выключна Бібліі. Дзякуючы руху Рэфармацыі ён аформіўся інстытуцыянальна.
У найноўшай гісторыі Марцін Лютэр стаў чалавекам, які не пабаяўся кінуць выклік сістэме, выступіць супраць пануючых поглядаў, абапіраючыся на Біблію. Гэта яго найбольшая заслуга. Ён у нейкім сэнсе герой веры таго часу.
Паводле пратэстантаў, Рэфармацыя не з'яўляецца святкаваннем падзелу ў касцёле, але мае глыбокі тэалагічны сэнс, які можа быць блізкім усім хрысціянам. У гэты дзень успамінаецца ўсё добрае, што прынесла Рэфармацыя.