Стваральнікі юбілейнай версіі «Народнага альбома» апублікавалі відэа з рэпетыцый

4 верасня ў Падляшскай оперы Беластока адбудзецца прэм’ера юбілейнай версіі музычнага праекта «Народны альбом». Стваральнікі апублікавалі ў інтэрнэце першае відэа з рэпетыцый, на якім можна ўбачыць абноўлены склад праекта і ўпершыню пачуць урыўкі аранжыровак.

naralb_1.jpg


Праз 20 гадоў «Народны альбом» ствараецца пры непасрэдным удзеле аўтараў праекта: Лявона Вольскага і Міхала Анемпадыстава. У ім таксама бяруць удзел і іншыя вакалісты ды музыкі арыгінальнага складу: Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч. Але цяпер музыкаў гурта N.R.M., на якіх першапачаткова трымаўся асноўны акампанімент, замянілі музыкі Apple Tea, а таксама дадаўся струнны квартэт Aquarelle, духавая секцыя пад кіраўніцтвам Пафнуція Кузюкяна, гітарыст Pomidor/OFF Сяргей Канановіч, які сыграе на мандаліне, і трыа бэк-вакалістак.


«Я вельмі задаволены, бо праект узбагаціўся фарбамі, на якія раней проста не хапала магчымасцяў: габой, труба, струнныя, клавішныя і шыкоўныя бэк-вакалісткі, — кажа Лявон Вольскі. — Дзякуючы гэтаму, цяпер з’явіўся такі цікавы кантраст паміж песнямі, якія выконваюць адзін-два чалавекі, і тымі, дзе грае ўвесь ансамбль — атрымліваецца вельмі дынамічна».
Адновіцца і візуальная частка праекта, за якую адказвае вядомы польскі тэлевізійны рэжысёр Конрад Смуга. Над элементамі мастацкага аздаблення, сцэнаграфіяй і касцюмамі працуюць мастачка Алена Ігруша і Міхал Анемпадыстаў.
Прэм’ера тэлевізійнай версіі праекта мае адбыцца на тэлеканале «Белсат» і афіцыйным канале YouTube напрыканцы верасня.
Паводле euroradio.fm