Супольны альбом Улада Бубена i зоркі сучнемлiту Норы Гомрынгер
"Die Insel" ("Востраў") — гэта супольны праект нямецка-швейцарскай паэткі Норы Гомрынгер ды беларускага электроннага музыкі Уладзіслава Бубена. Альбом выйшаў 27 лютага 2017 г. на нямецкім лэйбле Phonocake, місіяй якога з'яўляецца распаўсюд альтэрнатыўнай нямецкамоўнай творчасці.
Нора Гомрынгер — актыўная ўдзельніца паэтычных слэмаў, з 2000 года выдала сем зборнікаў паэзіі і два зборнікі эсэ, лаўрэатка шматлікіх прэмій, у т.л. прэміі Інгеборг Бахман 2015 г., дырэктарка міжнароднай арт-рэзідэнцыі "Віла Канкордыя" ў Бамбергу, Германія.
Калабарацыя Бубена і Гомрынгер паўстала яшчэ ўвосень мінулага года ў сувязі з публікацыяй зборніка паэзіі Норы "(З)начныя даследаванні", перакладзенай на беларускую мову Вольгай Гапеевай ды Ірынай Герасімовіч (выдавецтва "Галіяфы", 2016). Менавіта на прэзентацыі кнігі ўпершыню прагучалі кампазіцыі Бубена, дзе паэтка сама чытае вершы — безумоўна, па-нямецку. Уладзіслаў Бубен, які дагэтуль працаваў са шматлікімі беларускімі паэтамі, у новым нямецкамоўным праекце па-мастацку знітаваў эксперыментальную электроніку са своеасаблівым артыстычным чытаннем Норы Гомрынгер. Тэмперамент паэткі — як і змест яе вершаў — арганічна спалучаецца з музыкай і стварае новую рэчаіснасць, далучыцца да якой і запрашаюць слухача творцы.
З мэтай як мага больш шырокага распаўсюду, менеджмент сп. Гомрынгер прыняў рашэнне размясціць рэліз у вольным доступе ў сеціве. Знайсці яго можна па спасылках: