Святлана Алексіевіч атрымала прэстыжную літаратурную прэмію імя Капусцінскага
14 мая ў залі Драматычнага тэатра ў Палацы культуры і навукі ў Варшаве пісьменніцы Святлане Алексіевіч ўручылі прэстыжную літаратурную прэмію імя Рычарда Капусцінскага за кнігу «Час сэканд хэнд».
![aleksievich1.jpg aleksievich1.jpg](/img/v1/news/full/aleksievich1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта паведаміла журналістка Юлія Слуцкая.
Міжнародная прэмія прысуджаецца ўжо шосты раз за лепшы літаратурны рэпартаж, перакладзены на польскую мову.
Святлана Алексіевіч ўпершыню ў гісторыі прэміі Капусцінскага атрымала гэтую ўзнагароду двойчы. Прэмія імя Рычарда Капусцінскага ўручаецца за лепшую рэпарцёрскую кнігу, якая закранае важныя праблемы сучаснасці, прымушае думаць, паглыбляе веды аб свеце і іншых культурах. Яе арганізатарамі з’яўляюцца мэрыя Варшавы і «Gazeta Wyborcza».
Рычард Капусцінскі (1932-2007) нарадзіўся ў Пінску. Журналіст і пісьменнік, аўтар больш за дзесяці публіцыстычных кніг, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій і ўзнагарод. У Польшчы яго называлі «каралём рэпартажу». Ён працаваў у Афрыцы, сярэднеазіяцкіх савецкіх рэспубліках, Лацінскай Амерыцы, Блізкім Усходзе, пісаў рэпартажы з дзесяткаў краін свету.