Топ-10 фільмаў Грэты Гарба, ракавой жанчыны сусветнага кіно
Вобразы адной з самых знакамітых шведак у гісторыі заўжды станавіліся марай. Жанчыны імкнуліся быць на яе падобнымі, мужчыны шукалі яе рысы ў іншых. Грэта Гарба была зоркай нямога кіно, але здолела пакінуць след і ў новым — гукавым этапе кінематографа. На гэтым тыдні мы адзначалі чарговую гадавіну з дня яе народзінаў, таму запрашаем у чароўнае кінападарожжа. Прыемнага прагляду!

Грэта Гарба
Нумар 10. Натхненьне (Inspiration). 1931

У стужцы Кларэнса Браўна Грэта Гарба паказвае пераўтварэньне з музы ў закаханую кабету. Яе эмацыйнае выкананьне ролі дэманструе велізарную здольнасьць акторкі перадаць акіян эмоцыяў адным толькі нахілам галавы або лёгкім уздрыгваньнем вуснаў.
У фільме Грэта Гарба зьяўляецца музай цэлага шэрагу мастакоў, роля ў выкананьні больш простай акторкі магла б стаць прахадной і незаўважнай, але ў адлюстраваньні швэдкі гераіня становіцца жывой і сапраўднай.
Тэмп дзеяньня на экране можа падацца сучаснаму гледачу занадта павольным, але варта пакінуць гэтую хібу за дужкамі. Усё ж фільм быў зьняты не з прыцэлам на прыдзірлівы разбор праз 90 гадоў.
Атрымайце сапраўднае натхненьне пасьля прагляду гэтай стужкі.
Нумар 9. Размаляваны вэлюм (The Painted Veil). 1934

Гэта фільм, які вытанчана раскрывае заблытаную прыроду каханьня, здрады і адкупленьня, загорнуты ў загадкавую прывабнасьць Грэты Гарба пад майстэрскім кіраўніцтвам рэжысэра Рычарда Баляслаўскага.
Вобраз незадаволенай жонкі, якая шукае выйсьця з кіпцюроў цьмянага шлюбу, дэманструе незабыўную вытанчанасьць акторкі. Яе падарожжа ад бальных заляў Лёндану да ахопленых халерай тэрыторый Кітая становіцца палігрымкай не толькі цела, але і душы гераіні.
Жанчына нанова знаходзіць мэту ў сваім жыцьці.
Праз выпрабаваньні, нягоды і пяшчотныя моманты фільм запрашае гледачоў паразважаць над уласнымі размаляванымі вэлюмамі, ён заклікае да больш глыбокага разуменьня фасадаў, якія мы часта носім.
Нумар 8. Струмень (Torrent). 1926

Фільм стаў амэрыканскім дэбютам Грэты Гарба і прапанаваў гледачам погляд на патэнцыял зоркі кіно. Нават пры адсутнасьці гутарковага дыялёгу яе вочы перадаюць гучнасьць, яны вагаюцца паміж палымяным выклікам і тонкай уразьлівасьцю гераіні. Гэта маўклівае красамоўства ў спалучэньні з экраннай прыгажосьцю Гарба стала фірмовым.
Стужка не зьяўляецца эталёнам у кінамастацтве і найбольш падыдзе менавіта аматарам творчасьці швэдзкай акторкі. Няхітры сцэнар аб складанасьцях маладой жанчыны ўсё ж мае свае дадатковыя, так бы мовіць, вартасьці.
Нумар 7. Ганна Хрысьці (Anna Christie). 1930

Гэта быў не проста фільм, але сусьветная падзея. Адаптацыя п'есы Юджына А'Ніла, зьнятая рэжысэрам Кларэнсам Браўнам, абвесьціла доўгачаканы дэбют Грэты Гарба ў гукавым кіно. Са знакамітым рэклямным слоганам "Гарбо размаўляе!", выхад фільма быў поўны чаканьняў, і ён не расчараваў.
Вобраз Ганны, стомленай гэтым сьветам жанчыны, якая шукае суцяшэньня ў бурным мінулым, выкананы Гарба – захапляльны.
Яе голас, спакойны і хрыплы інструмэнт, дадаў новыя пласты да і без таго няпростай характарыстыкі акторкі. Гледачоў трымалі ўжо не толькі магнетычныя вочы Грэты Гарба. Гэта была чароўная сувязь яе голасу і аблічча, што стварыла незабыўны характар.
Нумар 6. Гранд Гатэль (Grand Hotel). 1932

Самы раскошны гатэль у Бэрліне мае безьліч таемных, рамантычных і містычных гісторыяў. Зь некаторымі зь іх мы маем гонар пазнаёміцца ў стужцы Эдмунда Гулдынга. Сярод зорнага акторскага складу вылучаецца прысутнасьць Грэты Гарба.
Гарба выконвае ролю мэлянхалічнай балерыны, якая змагаецца з ценямі славы, ад якой амаль нічога не засталося. Кожным жэстам, кожным млявым рухам акторка напаўняе балерыну Грусінскую уразьлівасьцю. Яе знакавая фраза «Я прагну пабыць адна» гучыць не як просты дыялёг, а як нутраная спустошанасьць. Грэта Гарба яскрава паказвае, чаму яна зьяўляецца адной з самых захапляльных акторак эпохі.
Нумар 5. Сюзана Ленакс (Susan Lenox). 1931

Поўная назва стужкі «Сюзана Ленакс: Яе падзеньне і ўзвышэньне». З такой доўгай назвай, якая ўжо кажа пра эпічную гісторыю, стужка распавядае пра бурнае падарожжа жанчыны, якая змагаецца з грамадзкімі нормамі. Фільм рэжысэра Робэрта З. Леанарда, дзеяньне якога адбываецца на пачатку ХХ стагодзьдзя.
Гераіня Грэты Гарба пачынае зь нявіннай, прыгнечанай маладой кабеты, аднак яе жыцьцёвая дарога пераўтварае жанчыну ў больш мірскую, але з глыбокімі шнарамі асобу. Экранны партнэр Гарба – знакаміты Кларк Гейбл, зь якім атрымалася стварыць “хімію” паміж героямі. Але ў жыцьці, як вядома, гэтыя дзьве зоркі не трывалі адно аднаго.
Нумар 4. Каралева Хрысьціна (Queen Christina). 1933

Рэжысэр стужкі Рубэн Мамулян запрасіў для гістарычнай пастаноўкі найлепшую з магчымых на той час акторак. Грэта Гарба выглядае сапраўднай глыбай скрозь усе кадры, дзе гледачы сочаць за швэдзкай каралевай у сярэдзіне XVII ст. Калі нарадзілася прынцэса, тагачасны кароль Швэцыі Густаў ІІ Адольф Ваза (сваяк нашых вялікіх князёў з дынастыі Ваза) выхоўваў маленькую Хрысьціну Ваза як хлопчыка, бо вельмі яму карцела мець спадчыньнікам сына.
Стужка паказвае нам старажытную скандынаўскую дзяржаву зь яе вялікім на той час супрацьстаяньнем пратэстантызму і каталіцтва. Чый бок падтрымае каралева?
Нумар 3. Панна з камеліямі (Camille). 1936

Рэжысэр Джордж К'юкар зрабіў адаптацыю клясычнай гісторыі Аляксандра Дзюма-сына. Стужка зьяўляецца шчымлівым дасьледаваньнем каханьня, ахвярнасьці і цяжару чаканьняў грамадзтва.
Гарба выконвае ролю парыжскай куртызанкі, якая ўпіваецца раскошай свайго сьвету, але адначасова з гэтым знаходзіцца ў пастцы яго пазалочаных межаў.
Калі гераіня Грэты пачынае свой бурны раман з героем у выкананьні Робэрта Тэйлара, акторка стварае цэлае мора эмоцыяў. Ёй атрымліваецца перадаць экстаз каханьня і агонію непазьбежнага ахвяраваньня.
Пабачыць Парыж і памерці – кажа старая прымаўка, але што рабіць тым, хто нарадзіўся ў Парыжы?
Нумар 2. Сага пра Гёста Бэрлінга (Gösta Berlings saga). 1924

Задоўга да бліскучага ўздыму Грэты Гарба ў Галівудзе яна ўпрыгожыла швэдзкі кінематограф сваёй раньняй, але вызначальнай роляй у «Сазе пра Гёста Бэрлінга». Гэтая эпапея, зьнятая знакамітым Маўрыцам Штылерам паводле рамана Сэльмы Лягерлёф, адлюстроўвае вясковую прыгажосьць скандынаўскага пейзажу, пераплеценага з гісторыямі здрады і адкупленьня.
Гарба выконвае ролю дзяўчыны, якая вагаецца паміж пакутамі каханьня і цяжарам абавязкаў. Гэтая раньняя роля зьяўляецца прадвесьцем магнетычнай прывабнасьці, якая неўзабаве захопіць сусьветную аўдыторыю.
Разам з відавочнымі посьпехамі стужка ўсё ж мае некалькі няскончаных вузлоў гісторыі з другаснымі героямі, якія мелі сваё лягічнае сканчэньне ў кнізе, але на экране, 99 гадоў таму, гэтая задача не была цалкам выкананая.
Нумар 1. Ніначка (Ninotchka). 1939

Гэты фільм, зьняты знакамітым Эрнстам Любічам, не толькі робіць шыкоўную сатыру на сацыяльна-палітычную напружанасьць сваёй эпохі, але таксама дазваляе Грэце Гарба, вядомай сваімі задумлівымі і напружанымі ролямі, прадэманстраваць сваё камедыйнае майстэрства.
Рэклямная крылатая фраза "Гарба сьмяецца!" была не проста маркетынгавай хітрасьцю, але і сапраўдным запрашэньнем стаць сьведкам бліскучага выкананьня Грэты.
Вобраз Ніначкі, суровай савецкай пасланьніцы, якая паступова губляе камуністычнае загартаваньне пад шармам Парыжа і прыхільнасьцю мясцовага арыстакрата, стаў адкрыцьцём здольнасьцяў акторкі. Гарба паказвае ўвасабленьне савецкага прагматызму і паступова пераўтвараецца ў кабету, якая адыкрывае для сябе радасьць і каханьне.
Сцэнар шыкоўна адлюстроўвае ідэалягічныя разыходжаньні цывілізаванага сьвету і камуністычнай заразы. Нават непахісны адэпт чырвонага раю па-за межамі краіны-канцлягеру губляе тонкія арыентыры. Вось таму і сёньняшнія дыктатары ў Менску і Маскве ўсяляк спрабуюць абмежаваць выезд за межы тэрыторыі, якая часова імі кантралюецца.
Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.