Топ-10 фільмаў Кэры Гранта, зоркі Залатога веку Галівуду
На днях быў дзень памяці аднаго з самых вядомых актораў мінулага, які стаў тварам цэлай эпохі. Менавіта Кэры Гранта ўяўляў сабе Ян Флэмінг, калі пісаў кнігі пра агента 007. Джэймса Бонда аднак актор так і не пасьпеў паказаць на экране. Мы склалі сьпіс з дзесяці найлепшых стужак зоркі кіно. Прыемнага прагляду!
Нумар 10. Мыш’як і старыя карункі (Arsenic and Old Lace). 1944
Чорная камедыя рэжысэра Фрэнка Капры прыйдзецца дарэчы ў складаныя дні, каб адпачыць і ад душы пасьмяяцца. Фільм, адаптаваны па аднайменнай п'есе Джозэфа Кесэльрынга, распавядае пра жудасны, але вясёлы цёмны сьвет адной амэрыканскай сям'і.
Грант выконвае ролю крытыка, які ў дзень свайго вясельля даведваецца, што яго ўлюбёныя цёткі зьяўляюцца сэрыйнымі забойцамі, яго брат верыць, што ён Тэадор Рузвэльт, а яго другі брат – крымінальнік у вышуку. Гэтая сумесь абсурду сітуацыі і таленту актораў робіць стужку надзвычай удалай.
Нумар 9. Жонка біскупа (The Bishop's Wife). 1947
Як вядома, у каталікоў і праваслаўных не можа быць жонкі ў біскупа. Але тут гісторыя пра пратэстантаў. Выдатная камедыйная стужка з Кэры Грантам у галоўнай ролі. Фільм прымусіць нас засяродзіцца крыху на сабе, аглядзецца вакол, і перадусім — на сваіх блізкіх і сямейных.
Біскуп у карціне марыць аб новым катэдральным касьцёле, ён просіць Бога аб дапамозе, ён носіцца з рознымі справамі паўсюль, і разам з тым ягоная жонка становіцца занядбанай, непатрэбнай. Раптоўна зьяўляецца чалавек, які кажа, што ён Анёл, і зьбіраецца дапамагчы біскупу. Але ці яму толькі?
Анёл становіцца сваім спачатку ў сям’і біскупа, потым у парафіі, а потым і ва ўсім горадзе. Ён навучае людзей веры. Усё гэта вымушае сьвятара пераглядзець сваё жыцьцё і адносіны.
Нумар 8. Шарада (Charade). 1963
Стужку, якая зьнятая Стэнлі Донэнам, часта называюць «лепшым фільмам Хічкока, які Хічкок ніколі не здымаў». Гэты фільм — бліскучае спалучэньне рамантыкі, напружаньня і камедыі, дзе Кэры Грант дзеліць экранную славу разам з Одры Хёпбэрн.
Гэта стылёвы, олдскульны і вытанчаны трылер, які ідэальна перадае павевы 1960-х гадоў на маляўнічым фоне Парыжу. Грант выконвае ролю чалавека, які сустракае і дапамагае нядаўна аўдавелай жанчыне, якую грае Хёпбэрн. Саспенс з камедыяй – такая сумясь чакае гледачоў. Чым скончыцца гісторыя на экране – будзе не зразумела да апошніх сцэнаў.
Кэры Грант здолеў быць адначасова чароўным джэнтльмэнам і незразумелым незнаёмцам.
Нумар 7. Малпавыя справы (Monkey Business). 1952
Чарговая камедыя, гэтым разам рэжысэра Ховарда Хоўкса. У галоўнай ролі тут сапраўдная малпа, а таксама легенда Галівуда Кэры Грант. Мэрылін Манро выконвае ролю сакратаркі Гранта, што надае фільму непаўторнай энэргіі.
Нягледзячы на абмежаваны экранны час, Манро пераканаўча выглядае сярод сапраўдных зорак экрану і цалкам заслужана перацягвае коўдру на сябе.
Кэры Грант грае хіміка-дасьледніка немаладых гадоў у стужцы, якую можна ахарактарызаваць як сумесь камедыі і навуковай фантастыкі. Галоўны герой спрабуе вынайсьці сродак для вечнай маладосьці і робіць дасьледаваньні на малпах.
Як можна здагадацца, адна з малпачак стала прычынай нечаканага выпадку – па яе віне героі самі выпіваюць невядомую вадкасьць, і зь імі пачынае адбывацца розныя метамарфозы. Вы шукалі лёгкую камедыю на вечар? Гэта яна.
Нумар 6. Яго дзяўчына Пятніца (His Girl Friday). 1940
Адзін з галоўных рэжысэраў «залатога Галівуда» Ховард Хоўкс стварыў гэтую прыгожую гісторыю. У цэнтры ўвагі гледачоў гераіня Разалінд Расэл — адна з лепшых рэпарцёрак, якая вырашыла адысьці ад працы, бо зьбіраецца выйсьці замуж за заможнага страхавальніка жыцьця. Яе былы рэдактар, герой Кэры Гранта, па сумяшчальніцтве былы муж журналісткі. Ён даведваецца пра пляны жанчыны і зьбіраецца прадухіліць вясельле.
Сітуацыя ўскладняецца, бо становіцца відавочным, што гераіня Разалінд Расэл усё яшчэ кахае свайго былога мужа. Герой Гранта прыдумляе для яе апошняе заданьне: узяць інтэрвію ў чалавека, якога прысудзілі да сьмяротнага пакараньня. Падзеі стужкі разгортаваюцца ў 24-гадзінным прамежку. Калі жадаеце прыўзьняць сабе настрой — гэта тое, што трэба.
Нумар 5. Выхаваньне дзеткі (Bringing Up Baby). 1938
Клясычны фільм Ховарда Хоўкса з Кэтрын Хёпбэрн. Яе партнэрам па здымках быў Кэры Грант, і на гэтую пару можна глядзець бясконца. У героя Гранта было заплянаванае вясельле, і на той жа дзень мусіла прыйсьці поштай костка дыназаўра, якая б сталася фінальнай рысай у стварэньні поўнага шкілету старажытнай жывёлы. Такая праца была ў мужчыны. Але напярэдадні яму сустрэлася гераіня Кэтрын Хёпбэрн, якая закруціла яго ў віры новых падзеяў.
Дзетка — такое імя мае леапард, які зьяўляецца ў фільме. Менавіта вакол яго будзе пабудаваныя сцэны карціны. У пэўны момант прывезеная апошняя костка дыназаўра была выкрадзеная сабакам і закапаная недзе на вялікім полі, і толькі леапард Дзетка зможа адшукаць яго. Героі ў сваю чаргу памылкова выпускаюць на волю іншага леапарда, які можа нападаць на людзей.
Выратаваньне — толькі ў вашым сьмеху.
Нумар 4. Падазрэньне (Suspicion). 1941
Гэты псыхалягічны трылер Альфрэда Хічкока, заснаваны на рамане Фрэнсіса Айлза "Да факту", быў на той час нязвыклым адыходам ад рэпертуару Гранта - пакорлівых, легкадумных герояў. Стужка прадэманстравала яго здольнасьць паглыбляцца ў больш складаныя і нават цёмныя ролі. У галоўнай жаночай ролі зьзяе Джоан Фантэйн, якая атрымала прэмію «Оскар» за выкананьне.
У стужцы апавядаецца пра каханьне, сумневы і напружаньне на фоне ангельскай маёнтка, які знаходзіцца далёк ад чужых вачэй. Гледачы становяцца сьведкамі разьвіцьця шлюбных адносінаў галоўных герояў, чый раман хутка пераўтвараецца ў псыхалягічны лябірынт падазронасьці і страху.
Кэры Грант прымушае гледачоў здагадвацца пра яго сапраўдную сутнасьць. Ён муж, якога не разумеюць ці цёмная, таемная асоба са схаванымі матывамі?
Нумар 3. Дрэнная слава (Notorious). 1946
Чарговы шэдэўр ад Альфрэда Хічкока. Гледачы трапяць у майстэрскае спалучэньне рамантыкі, інтрыгі і напружаньня, якое накрытае атмасфэрай палітычнага шпіянажу пасьля Другой сусьветнай вайны.
Інгрыд Бэргман выконвае ролю вельмі складанай жанчыны з заплямленай рэпутацыяй, якая завэрбаваная ўрадам ЗША, каб пракрасьціся ў нацысцкае кола ў Бразыліі. Акторка паказвае шлях сваёй гераіні ад геданістычнай дачкі нацысцкага шпіёна да закаханай кабеты, якая трапіла ў пастку небясьпечнай місіі.
Яе партнэр па здымках – знакаміты Кэры Грант. Усім прыйдзецца рабіць выбар паміж пачуцьцямі і перакананьнямі.
Нумар 2. Філадэльфійская гісторыя (The Philadelphia Story). 1940
Гэтая камедыя Джорджа К'юкара займае асобнае месца сярод лепшых прадстаўнікоў жанру ў гісторыі.
Кэтрын Хёпбэрн зьзяе тут у ролі маладой сьвецкай ільвіцы, на вясельле якой запрошаныя шматлікія госьці і прэса. Усё мусіць адбыцца праз некалькі дзён, але ў загарадны дом, месца цырымоніі, якая мае адбыцца, прыяжджае былы муж гераіні ў выкананьні Кэры Гранта, а таксама пара незапрошаных журналістаў, якія мараць зрабіць сакавіты рэпартаж. Аднаго зь іх грае выдатны Джэймс Сьцюарт.
Фільм абавязковы для прагляду аматарам вечных рамантычных камедый і клясычнага галівудзкага глямуру.
Нумар 1. На поўнач праз паўночны захад (North by Northwest). 1959
Калі мне было каля 9 гадоў, і я яшчэ не бачыў ніводнага фільма Хічкока, у памяці засталіся кадры дакумэнтальнай стужкі пра спецэфэкты ў кіно, якую паказвалі па менскім 8-м канале. Сярод самых захапляльных на той час эпізодаў быў расповед пра тое, як мужчына бяжыць сярод поля, а яго перасьледуе кукурузьнік. Аўтары сюжэта паказвалі як здымалася тая сцэна. Быў выкарастаны дзіцячы самалёт, мадэль, якую можна паставіць на паліцы каля дзіцячага ложка, і пры дапамозе фена стваралася ўражаньне вялізнага ветру. А мужчына ўсё бег, ухіляўся ад самалёта, які перасьледаваў яго.
Калі я падрос і ўбачыў гэтую стужку Хічкока — я ўзгадаў усё. Кэры Грант эпічна выратоўваўся ад самалёта, які імкнуўся скончыць яго жыцьцё.
Фільм апавядае пра чалавека, што займаецца рэклямай, якога група шпіёнаў прыняла за ўрадавага агента.
Прыемнага прагляду!
Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.