Топ-10 фільмаў Кэвіна Спэйсі, чыю кар’еру знішчылі беспадстаўнымі абвінавачаннямі
Двухразовы ўладальнік прэміі Оскар за найлепшую мужчынскую ролю вось ужо шмат гадоў знаходзіцца пад маўклівай забаронай у прафесіі пасля абвінавачанняў у гвалце. Кэвіна Спэйсі выразалі з ужо знятых фільмаў, не давалі новыя ролі і абвінавачвалі ў медыя. Два дні таму ў акцёра былі народзіны, і менавіта 26 ліпеня з яго знялі ўсе абвінавачанні ў судзе. Мы падрыхтавалі спіс з лепшых працаў Спэйсі.
З кастрычніка 2017 года імя актора было зьнявечанае прадстаўнікамі руху #MeToo. 26 ліпеня 2023 года яго апраўдалі па ўсіх пунктах. У Кэвіна Спэйсі былі сьлёзы на вачох, калі прысяжныя суда прызналі яго невінаватым па сямі пунктах абвінавачаньня ў сэксуальным гвалце і двух пунктах абвінавачаньня ў іншых сур'ёзных сэксуальных злачынствах.
Абвінавачаньні датычыліся перыяду паміж 2004 і 2013 гадамі, калі Спэйсі займаў пасаду мастацкага кіраўніка тэатра Old Vic у брытанскай сталіцы.
У 2022 годзе з актора ў ЗША былі зьнятыя абвінавачаньні за падзеі, што нібы адбыліся ў 1986 годзе. У 2019 годзе таксама былі зьнятыя абвіначаньні ў штаце Масачусэтс.
З моманту галаслоўных абвінавачаньняў Кэвіна Спэйсі ў 2017 годзе ён быў выразаны з апошняга сэзону знакамітага сэрыялу House of Cards, а таксама актора прыбралі са стужкі «Ўсе грошы сьвету», калі яго сцэны ў фільме былі перазьнятыя з іншым акторам пасьля гатоўнасьці карціны.
Вельмі спадзяемся, што выдатны актор у самы найбліжэйшы час вернецца да прафэсіі, зь якой яго паспрабавалі выкінуць. Так званая культура адмены – сьмяротна небясьпечная зьява.
Зьвернемся да фільмаў.
Нумар 10. Эпідэмія (Outbreak). 1995
Кевін Спэйсі, Морган Фрыман, Дасьцін Хофман — у актораў гэтага фільма на траіх — пяць узнагародаў Оскар. Кампанія, безумоўна, што трэба. У стужцы ім прыйдзецца вырашаць складаную праблему. Як становіцца зразумела з назвы — распачалася эпідэмія.
Гэта адна з самых страшэнных фобій нашага часу, меркаваньне, што ў глыбіні бязлюдных трапічных лясоў хаваюцца сьмяротныя хваробы, і калі яны калі-небудзь выйдуць са сваіх уладаньняў у джунглях і трапяць у чалавечую кроў, узьнікне новая чума, падобнай на якую мы ніколі не бачылі.
Стужка апавядае акурат пра падобны выпадак, калі трапленьне мікраскапічнага арганізма на цела чалавека прыводзіць да сьмерці на працягу 24 гадзінаў.
Мы станем сьведкамі злачынных спробаў змаганьня з першапачатковай пагрозай, а таксама пошукаў магчымасьці ўратавацца. Ці атрымаецца? Вельмі неадназначнае пытаньне.
Нумар 9. Час забіваць (A Time to Kill). 1996
Судовая драма Джоэла Шумахэра распавядае пра гучны працэс, які меў месца не так даўно. У галоўных ролях Кэвін Спэйсі і Мэцью МакКонахі, якія сышліся ў двубоі ў залі суда.
Кевін Спэйсі грае бязьлітаснага акруговага пракурора. Кожны рух яго героя выдае ў ім сапраўдную інтэлектуальную перавагу па-над адвакатам МакКонахі. Яго нястомнае імкненьне да справядлівасьці, незалежна ад кошту, пакіне гледачоў у захапленьні.
Мы будзем суперажываць адвакату і чакаць, што герой Кэвіна Спэйсі дапусьціць прынамсі адну памылку, каб можна было ўчапіцца і падумаць пра перамогу ў судзе. Але выглядае на тое, што сілы ня роўныя.
Нумар 8. Плаці наперад (Pay It Forward). 2000
Мімі Лэдэр прапанавала пазнаёміцца з пяшчотнай гісторыяй пра добразычлівасьць, дабрыню і здольнасьць людзей пазытыўна ўплываць на жыцьцё іншых нечаканымі спосабамі.
У фільме Спэйсі выконвае ролю настаўніка грамадазнаўства, чалавека з сэрцам, якое глыбока схаванае ад сустрэчы з навакольнымі небясьпекамі. Ён стварае захапляльны вобраз чалавека, якога шчыра кранула простая ідэя аднаго зь яго вучняў: Вы аказваеце каму-небудзь істотную паслугу і просіце гэтага чалавека аддзячыць не вам, а тром іншым людзям, якія, у сваю чаргу, аддзячаць яшчэ траім, і гэтак далей, праз гэта павінна распаўсюдзіцца цеплыня і дабрыня ў сусьветным маштабе.
Ці магчыма такое ажыцьцявіць у наш час, поўны нянавісьці і карысьлівасьці?
Нумар 7. Жыцьцё Дэвіда Гэйла (The Life of David Gale). 2002
На што можна пайсьці, каб адстойваць свае перакананьні? Кэвін Спэйсі ў ролі Дэвіда Гэйла, паважанага прафэсара і актывіста супраць сьмяротнага пакараньня, якога несправядліва абвінавацілі ў забойстве. Пераклікаецца з рэальным жыцьцём актора, ці не так?
Перад намі гісторыя чалавека, які змагаецца за сваю невінаватасьць. Гэта таксама і дыскусія аб сьмяротным пакараньні. Як у ЗША, так і ў Беларусі кожны чалавек мае пагрозу сустрэцца з падобным ва ўласным жыцьці.
Кэвін Спэйсі на найвышэйшым узроўні паказвае ўвесь свой талент, калі спачатку ён палымяны актывіст, а потым напоўнены адчаем вязень у камэры сьмяротнікаў.
Нумар 6. Прыгажосьць па-амэрыканску (American Beauty). 1999
На мяжы тысячагодзьдзяў рэжысэр Сэм Мэндэс пакінуў незгладжальны сьлед у амэрыканскім кіно гэтай стужкай. Фільм — зьедлівая сатыра на прыгараднае жыцьцё, на так званую амэрыканскую мару.
Спэйсі выконвае ролю мужчыны, які перажывае цяжкі крызіс сярэдняга ўзросту. Яго герой расчараваны, незадаволены і адчайна прагне зьменаў, калі ён мае і жонку, і ўжо дастаткова дарослую дачку.
Аднойчы ён заўважае школьную сяброўку дачкі, і ў яго зносіць дах. Гэта фільм, які адважваецца аспрэчваць агульнапрынятае меркаваньне аб шчасьці і задавальненьні. Тонкая гульня Кэвіна Спэйсі прынесла яму ўзнагароду Оскар.
Нумар 5. Вялікая ўгода (The Big Kahuna). 1999
У гэтай стужцы трапім на амэрыканскія горкі эмоцый у складаным і напружаным сьвеце прадаўцоў. Жадаеце новы кухонны камбайн? А набор супраць молі, ці можа быць фарбу, якая будзе трымацца да вашых праўнукаў? Усё гэта можа прадаць герой Кэвіна Спэйсі.
Ён дэманструе сваю дзіўную здольнасьць лёгка пераключацца паміж камедыяй і драмай. Што адбываецца ў душы героя ў гэтую хвіліну? Не так і проста даведацца, калі сёньня ты на кані, а заўтра будзеш адбівацца ад капытоў, лежачы ў брудзе.
Гісторыя прадаўцоў, якія могуць прадаць усё, часам і сумленьне. Але што застанецца на наступны дзень?
Нумар 4. Таямніцы Лос-Анджэлесу (L. A. Confidential). 1997
У такога вялікага гораду вельмі шмат цёмных таямніцаў. Нэа-нуар Кёрціса Хэнсана пагружаецца ў самае сэрца Лос-Анджэлеса 1950-х гадоў. Ён прапаноўвае жорсткае, але глямурнае адлюстраваньне горада, што прасякнуты карупцыяй, скандаламі і злачыннасьцю.
Спэйсі выконвае ролю ветлівага і харызматычнага дэтэктыва. Яго вобраз чалавека, які губляецца ў двулічнасьці нэонавых вітрынаў горада Анёлаў, зьяўляецца яскравым увасабленьнем маральных дылемаў чалавека.
Гледачы трапяць у вышэйшы эшалон карупцыі ў паліцыі і ўладзе. У кожнай таямніцы быў пачатак, таму разгадаць яе патэнцыйна можна. Але што рабіць, калі супраць цябе паўстае сыстэма?
Нумар 3. Сем (Se7en). 1995
Дэвід Фінчэр звычайна адказна адносіцца да выбару актораў на галоўныя ролі. У сярэдзіне дзевяностых у свой крымінальны трылер ён запрасіў Брэда Піта, Моргана Фрымана, Гвінэт Пэлтроў і, вядома ж, Кэвіна Спэйсі.
Гэта фільм, які з самага пачатку ахоплівае вас сваёй трывожнай атмасфэрай і ніколі не спыняецца гэтага рабіць да самых тытраў. Сем – такая лічба шмат у каго зьяўляецца ўлюбёнай. Лічыцца, што яна прыносіць посьпех і дабрабыт. Разам з тым Дэвід Фінчэр зьняў стужку пра іншы бок – пра сем сьмяротных грахоў.
Гледачы становяцца сьведкамі ўсё новых і новых таямнічых забойстваў. Ахвяры абвінавачваліся забойцам у адным з гэтых грахоў. Дэтэктывы спрабуюць высачыць забойцу, які, як падаецца, гуляе зь імі, як з лялькамі.
Нумар 2. Гленгары Глен Рос (Glengarry Glen Ross). 1992
Калі вы любіце тэатар, калі вы аматар дыялёгаў, якія запаўняюць увесь час, гэты фільм Джэймса Фоўлі, які зьняты па п’есе — дакладна для вас. Героі Аля Пачына, Джэка Лемана і Алана Аркіна вядуць змаганьне ў офісе сваёй кампаніі, якая займаецца продажамі нерухомасьці, за сваё месца працы.
Дырэктар у выкананьні Кевіна Спэйсі паставіў умову: праз тыдзень толькі два лепшых супрацоўнікі застануцца на сваім месцы, астатніх чакае звальненьне. Супрацоўнікі, апроч працы з кліентамі, пачынаюць ваенныя дзеяньні супраць адно аднаго. Стужка пачынаецца ў кавярні, дзе за вакном ідзе моцны дождж. Дарэчы, значная частка бюджэту пайшла на стварэньне гэтых гукаў дажджу, якія мы чуем амаль палову фільма.
Нумар 1. Звычайныя падазраваныя (The Usual Suspects). 1995
Стужка Браяна Зінгера — гэта шэдэўр у стылі нэануар. Рэжысэр стварыў складаную сетку падману, напружаньня і нечаканых паваротаў. Зорнае выкананьне Кэвіна Спэйсі знаходзіцца ў цэнтры гэтага кіналябірынту.
Фільм – не проста чарговы крымінальны трылер, гэта эксклюзіўная праца па стварэньні сапраўднага мастацтва. Кэвін Спэйсі грае слабахарактарнага чалавека з ДЦП, які становіцца ўблытаны ў крымінальную гісторыю.
Калегі Спэйсі па сюжэце, Гэбрыэль Бірн, Стывен Болдуін, Бэнісіа Дэль Тора робяць ледзьве не кожны кадр гэтага фільма насычана прыгожым.
Неабходна толькі разабрацца, хто там забойца.
Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў глядзіце тут.
Прыемнага прагляду!