ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі па версіі чытачоў і экспертаў Maldzis

Ініцыятыва Maldzis прадстаўляе вынікі «народнага» і экспертнага галасавання за найвыбітнейшых беларусак у пяці намінацыях.

top_5.jpg

Магдалена Радзівіл, намінацыя «Мецэнацтва» 

Яна набрала 60% усіх галасоў у гэтай намінацыі і выразна перамагла як у народным, так і ў экспертным галасаванні. 

Княгіня Магдалена Радзівіл стала галоўнай мецэнаткай беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Бадай, ніводная сфера тагачаснага жыцця не абышлася без яе ўплыву. Выдавецтва кніг, адкрыццё школак, спрыянне нацыянальнаму руху — яна прыклала руку паўсюль.

Глядзіце таксама

Другое месца, дзякуючы народнаму галасаванню, заняла асветніца, першая беларуская мецэнатка Еўфрасіння Полацкая.  Экспертнае журы паставіла на другое месца гомельскую дэвелаперку Ірыну Паскевіч.

 Ганна Тумаркіна, намінацыя «Навука»

 Яна набрала 40% усіх галасоў і перамагла як у народным галасаванні, так і ў экспертным галасаванні.

Гэтая ўраджэнка Дуброўна стала першай у Еўропе жанчынай-доктаркай філасофскіх навук. Яна выкладала ідэі Канта і Спінозы, зрабіла рэвалюцыйны прарыў у навуковай супольнасці і публічна падтрымала барацьбу жанчын за выбарчае права.

Глядзіце таксама

Другое месца ў гэтай намінацыі заняла першая беларуская прадзюсарка этнічнай музыкі Зінаіда Мажэйка. Яна заняла другі радок у народным галасаванні і падзяліла яго разам з першай жанчынай-прафесаркай у Беларусі Таццянай Бірыч — у экспертным. 

 Соф’я Гальшанская, намінацыя «Палітыка» 

Яна набрала 29% усіх галасоў. Жанчына перамагла, дзякуючы вялікай перавазе ў народным галасаванні. Цікава, што ў экспертным — першае месца падзялілі рэвалюцыянерка і асветніца Каміла Марцінкевіч і футурыстка, феміністка Соф’я Шамардзіна. У выніковым галасаванні яны занялі адпаведна другое  і трэцяе (20%) месцы.

Соф’я Гальшанская была ўключаная ў палітычныя гульні сваіх зямель амаль ад самага нараджэння. Яна была прадстаўніцай княжага роду Гальшанскіх і ёй наканавана было стаць родапачынальніцай каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Гэтая дынастыя панавала ў некалькіх краінах Еўропы больш за 150 гадоў.  

Ларыса Геніюш, намінацыя «Мастацтва»

 Яна набрала 50% усіх галасоў і перамагла як у народным, так і ў экспертным галасаванні. Другое месца заняла акторка Стэфанія Станюта. 

Ларыса Геніюш скарае не толькі сваёй літаратурнай дзейнасцю, але і непахіснасцю. Яе жыццё было няпростым, але яна змагла пражыць яго так годна, што запомнілася як адна з самых выбітных беларусак ХХ стагоддзя. 

Глядзіце таксама

Алена Аладава, намінацыя «Бізнес і менеджмент»

Яна набрала 38% усіх галасоў і выразна перамагла ў народным галасаванні. У экспертным — першы радок з Аленай Васільеўнай падзяліла галоўная бізнесоўка Менска ў ХХ стагоддзі Ядвіга Кастравіцкая, якая ў выніковым галасаванні стала другой. 

Алена Аладава больш за 30 гадоў кіравала Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. За гэты час яна аб’ездзіла ўвесь СССР, каб аднавіць калекцыю музея. Дзякуючы ёй сярод экспанатаў з’явіліся карціны сусветнавядомых мастакоў і беларускіх майстроў.

****** 

ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі па версіі Maldzis — першы рэйтынг такога кшталту ў беларускай прасторы.

 Конкурс складаўся з пяці намінацый, і ў кожнай з іх прымалі ўдзел па пяць беларусак, якія адпавядалі пэўным крытэрам.

Галасаванне доўжылася пяць тыдняў і ажыццяўлялася на сайце і ў сацсетках Maldzis. У ім удзельнічалі чытачы  і экспертнае журы, у якое ўвайшлі 23 эксперты і эксперткі з розных сфер. Сярод іх знакамітыя прадстаўнікі і прадстаўніцы журналістыкі, праваабароны, мастацтва, архітэктуры, палітыкі, блогерства.

 Адна з галоўных мэтаў, якую ставіў перад сабой гэты конкурс — распавесці пра шырокавядомых і напаўзабытых гераінь Беларусі, даць іх імёнам гучаць так звонка, як яны гэтага заслугоўваюць.

MALDZIS бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаванні вобраза Беларусі як еўрапейскай краіны. Мы лічым, што гэта найлепшы падмурак для пабудовы кансалідаванага грамадства з моцнай ідэнтычнасцю.

Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя каштоўнасці і імёны Беларусі. MALDZIS працягвае гэтую справу.