У Гістарычным музеі пакажуць «коміксы» з жыцця шляхты

30 лістапада а 17-й гадзіне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь разам з вытворцамі праектаў «VKL3D», «Майстэрняй уражанняў» і прадпрыемствам «Stereomir» прадставіць новы мастацкі праект «Куншты маляваныя. Адзін дзень з жыцця Сапегаў».

vario1_gif_1024.gif

Дадзены праект – гэта выстава з серыі малюнкаў, якія распавядаюць аб жыцці беларускай шляхты ў XVII стагоддзі. Куншт – састарэлае слова, якое абазначае выяву, відарыс, у дадзеным выпадку можна трактавацца як «комікс». Сцэнар заснаваны на рэальных падзеях нашай гісторыі – знаёмства і пачатак раману маршалка слонімскага Юрыя Трызны з Рэгінай, сястрой Паўла Стэфана Сапегі.
Праект адметны тым, што малюнкі створаны на падставе відэароліка, а выкананы і надрукаваны пры дапамозе тэхналогіі стэрэадруку прадпрыемствам «Stereomir». Такая тэхніка надае выяўленым сцэнам пэўную глыбіню і аб’ём.
Выстава працягвае тэму мінулагодняга праекта «VKL3D» – «Апыніся ў сэрцы гісторыі», ажыццёўленага пры тэхнічнай падтрымцы кампаніі «Samsung». Ён і сёння дэманструецца ў экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, дзе з дапамогай віртуальных акуляраў можна ўбачыць Гальшанскі замак, чый выгляд адноўлены на пачатак XVII стагоддзя, час яго найбольшага росквіту.
У стварэнні праекта таксама ўдзельнічалі мінскія гістарычныя і турыстычныя блогеры, артысты-аніматары з «Майстэрні ўражанняў», музыкі з фольк-рок гурта «Тутэйшая Шляхта» і гурта «Літы Талер», якія выступяць на ўрачыстай прэзентацыі праекта.
Паводле прэс-рэлізу