У Гомелі звольнілі дырэктарку моладзевага тэатра, акцёры сышлі за ёй і ўзламалі сайт
4 кастрычніка звольненая дырэктар Гомельскага моладзевага тэатра. Пра гэта паведамілі акцёры, якія на знак пратэсту і нязгоды з мясцовымі ўладамі таксама напісалі заяву аб сыходзе. А сёння на сайце тэатра з'явілася вось такое паведамленне... Кажуць, сайт ўзламалі, але гэта паведамленне аператыўна выдалілі.
— Мы ўсе ў шоку. Яе звольнілі за гадзіну. Папрасілі па пагадненні бакоў падпісаць. Што стала прычынай, мы не ведаем, але здагадваемся. Занадта мы былі на слыху ў апошні час, — распавядае адна з вядучых акторак Алеся Бардухаева-Арол.
Дырэктар тэатра Зоя Пархамчук, вядомая ў творчых колах пад псеўданімам Зоя Гарына, на пасаду кіраўніка прыйшла паўгады таму. Менавіта з яе прыходам многія звязваюць сапраўдны росквіт тэатра: з'явіліся гучныя прэм'еры, на іх пайшоў глядач. Дастаткова ўзгадаць нашумелы спектакль «Дзе адступаецца каханне» па п'есе А. Валодзіна «З каханымі не раставайцеся» (рэжысёр-пастаноўшчык Я. Натапов), які атрымаў хвалебныя водгукі як аматараў, так і знаўцаў-тэатралаў. У музычным спектаклі «Мой легіянер» сама дырэктар грала галоўную ролю Эдыт Піаф і спявала вядомыя французскія песні ва ўласным перакладзе на рускую мову. Удалымі былі і нядаўнія гастролі «маладзёжкі» у Менскім ТЮГ.
Зрэшты, яркім прэм'ерам спадарожнічалі не менш яркія скандалы. Дастаткова ўзгадаць інцыдэнт з забароненай афішай да спектакля «Дзе адступаецца каханне»: яе, ужо гатовую да расклейкі, нечакана не прапусціў ідэалагічны аддзел гарвыканкама, патлумачыўшы гэта тым, што яна «занадта змрочная». Чыноўнікам не спадабалася выява дзяўчыны на малюнку, тэатру было прапанавана прыбраць сінякі з яе твару і замяніць вопратку на больш прэзентабельную.
У тэатры з такой прапановай не пагадзіліся — бо тады афіша перастала б адпавядаць зместу пастаноўкі. Калі перамовы з ідэолагамі зайшлі ў тупік, у тэатры пагадзіліся замяніць плакат на белы фон з назвай спектакля і даты прэм'еры. Але і гэта ідэолагі не дазволілі, матывуючы тым, што белы ліст прыцягне вандалаў. Тады афішу зрабілі чырвонай.
Сама звольненая дырэктарка неахвотна каментуе тое, што адбылося:
— Не думаю, што мне каментары пойдуць на карысць. Але я ведаю, за што мяне звольнілі. Тое, што аднаму добра, іншаму здаецца кепскім і няправільным.
— Вамі былі незадаволеныя ў творчым плане або па частцы гаспадарчай?
— Па гаспадарчай дзейнасці не думаю, што да мяне былі пытанні. Наадварот. Нарэшце будуюцца прыбіральні, пра якія акцёры марылі не адно дзесяцігоддзе, з'явілася рэпетыцыйная заля. Збіраліся адкрываць студыю акцёрскага майстэрства, бо для гэтага ўсё ёсць. Разумееце, гэты тэатр маглі выратаваць толькі яркія і запамінальныя ў мастацкім сэнсе пастаноўкі, што мы і прапаноўвалі. А творчасць — яна заўсёды прыкметная. І гэта выклікае цікавасць і шмат пытанняў. А калі ўзнікаюць пытанні, парушаецца рэжым цішыні. Таму што людзі выказваюць сваё меркаванне. А гэта не заўсёды зручна.
Былы кіраўнік не хавае расчаравання ў сувязі са сваім звальненнем. Але кажа, што ён не прападзе. На дадзены момант яе хвалюе іншае: на носе адкрыццё ХХV, юбілейнага сезону тэатра і заяўленая прэм'ера спектакля «Іншаземец», у якой былі задзейнічаныя трое актораў, якія звольніліся. Што з усім гэтым будзе?
У гарвыканкаме атрымаць каментар за ўсю раніцу не ўдалося з-за «нарады, якая зацягнулася».
Паводле tut.by