У Мінску праходзіць выстава да 500-годдзя «Малой падарожнай кніжкі»

У галерэі «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 10 лютага адкрылася выстава «Скрозь стагоддзі» да 500-годдзя «Малой падарожнай кніжкі» — першай кнігі, выдадзенай на беларускіх землях.

0_skroz_stahoddzi.jpg

Выстаўка арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. У экспазіцыі прадстаўлены работы студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў, выкананыя ў тэхніцы высокага друку і камп’ютарнай графікі.
Большасць работ – рэканструкцыі першага тытула “Малой падарожнай кніжкі”, які не захаваўся да нашага часу, але ўзнаўляецца праз ўжыванне своеасаблівага шрыфту і кампазіцыі выдання XVI ст., астатнія работы – вынік эксперыментаў па стварэнні новых шрыфтавых напісанняў па ўзоры старонак “Малой падарожнай кніжкі”. Сучасныя тэхналогіі, магчымасці камп’ютарнай графікі і лічбавага друку далі мастакам шырокі прастор для самавыяўлення. Уражвае разнастайнасць варыянтаў напісання і стварэння шрыфтавых кампазіцый.
Графічныя і вобразныя эксперыменты гістарычных форм шрыфтоў пры захаванні характэрных асаблівасцей “Малой падарожнай кніжкі”, стылістыкі часу, скарынаўскай эстэтыкі, дэкаратыўных уласцівасцей і вынаходак друкара – даніна павагі юбілею беларускага кнігадрукавання і значны ўнёсак у развіццё шрыфтавай культуры Беларусі.
Экспазіцыю дапоўнілі выданні, прысвечаныя дзейнасці беларускага першадрукара, даследаванні і факсіміле ўнікальнага зборніка для падарожнікаў, а таксама паштоўкі з серыі “Мастацкая Скарыніяна” з фонду бібліятэкі.

skroz_stahoddzi_2.jpg


Уваход на выстаўку – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Выстаўка будзе доўжыцца да 1 красавіка 2022 года. Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
Паводле nlb.by