У Мінску пройдзе калядны handmade-кірмаш-распродаж

Кірмаш-распродаж вырабаў беларускіх майстроў адбудзецца ў мінскай кавярні-клубе «Грай» 18 снежня. У яго межах можна будзе набыць эксклюзіўныя падарункі да Калядаў і Новага году.

unnamed_29.jpg


Аднак арганізатары мяркуюць наладзіць не толькі выставу-продаж, але і сапраўднае беларускае свята з калядным антуражам: традыцыйнымі і сярэднявечнымі беларускімі танцамі, забавамі, гульнямі, майстар-класамі, а таксама жывой музыкай. Адзін з пакояў «Граю» будзе адведзены пад настольныя гульні, апроч гэтага можна будзе навучыцца рабіць калядныя паштоўкі ў тэхніцы выцінанка.
Асобнай частка праграмы будзе «Спеўны сход» Сержука Доўгушава, падчас якога ўсе прысутныя развучаць і выканаюць беларускія калядкі з розных рэгіёнаў. Зрэшты, арганізатары прыгатавалі яшчэ шмат цікавостак, якіх пакуль не раскрываюць, але зазначаюць, што цікава на мерапрыемстве будзе і маладзёнам, і дзеткам, і людзям сталага веку.
«Мы чакаем наведнікаў сем'ямі, бо на нашым кірмашы прыемнае можна сумясціць з карысным: добра адпачыць, дазнацца болей пра адметныя беларускія калядныя традыцыі, а таксама парадаваць сябе і сваіх блізкіх сапраўды незвычайнымі рэчамі, зробленымі ў адзіным экземпляры», — кажуць яны.
Таксама на мерапрыемстве можна будзе падсілкавацца традыцыйнымі беларускімі стравамі і набыць іх з сабой.
Адметнасць кірмашу яшчэ і ў тым, што ўсе тавары будуць прадавацца са зніжкамі.
Завершыцца імпрэза вялікім сольным канцэртам фолк-рок-гурта Re1ikt, які зусім нядаўна прэзентаваў свой новы альбом «Kufar».
Калядны handmade-кірмаш збярэ майстроў, якія займаюцца рознымі рамёствамі: ганчарствам, вырабам паштовак, рэчаў з дрэва, вышыўкай, ткацтвам, скрапбукінгам і інш.
Мерапрыемства пройдзе 18 снежня ў мінскай кавярні-клубе «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33) з 12 да 21 гадзіны.
Кошт уваходу на Кірмаш-распродаж сімвалічны – усяго адзін беларускі рубель. 
Праграма мерапрыемства
Для дзяцей 12:00 - 19:00 - Размалёўванне гіпсавых фігурак 13:00 - Майстар-клас "Калядная выцінанка" ад Наталлі Сухой. 14:00 - "Дзіцячыя творчыя майстэрні" 15:00 - Дзіцячае чытанне кнігі “Сем ружаў” беларускай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай
Для дарослых 14:00 - Майстар-клас "Калядная паштоўка-выцінанка" ад Наталлі Сухой 16:00 - Майстар-клас па мастацкаму цісненню на скуры ад Марыны Ільіной
Для ўсіх 15:00 - 21:00 - Настольныя гульні. Прэзентацыя настолак "Палескія археолагі", "Ваўкаляды" і інш. 17:00 - "Спеўны сход" Сяржука Доўгушава - беларускія калядкі з розных рэгіёнаў 18:00 - Майстар-клас па народных танцах ад тэатра старадаўняй культуры "Яварына" 19:00 - Традыцыйная беларуская музыка 20:00 - Канцэрт фолк-рок-гурта Re1ikt

Паводле прэс-рэліза