Колькасць жылых новабудоўляў у Мінску знізілася амаль на 20%

Колькасць жылых новабудоўляў у Мінску ў параўнанні з пачаткам 2016 года знізілася амаль на 20%, паведаміла кіраўнік кампаніі "Твая сталіца — Новабудцэнтр" Наталля Пічуха.

ca4033c2d5d988e201cc8a83c07957cf.jpg


Паводле яе слоў, зніжэнне аб'ёмаў будаўніцтва на першасным рынку жылля ў сталіцы можна назіраць на працягу двух апошніх гадоў. "Прычына ва ўскладненні працэсу атрымання зямельных участкаў пад забудову, і ў прыватнасці ў вялікіх аб'ёмах абцяжаранняў, якія перадаюцца разам з участкам. Усё гэта разам са зніжэннем цэн на новабудоўлі мінімізуе памер маржы забудоўшчыка", — падкрэсліла Пічуха.
Аднак, адзначыла яна, восень паказала, што рынак працягвае развівацца. На яго выходзяць новыя аб'екты: два дамы ў квартале "Маяк Мінска", тры дамы ад УКБ і адзін дом у Грушаўцы.
Як правіла, новае будаўніцтва засяроджанае ў класах "Эканом" і "Стандарт". Асаблівасцю 2016 года стала актывізацыя дзяржаўных забудоўшчыкаў, якія выводзяць на рынак новабудоўлі "Эканом" па дэмпінгавых ў параўнанні з сярэднярынкавым узроўнем цэнах. За кошт гэтага кватэры ў такіх дамах разыходзяцца за лічаныя дні, адзначыла эксперт.
Новыя дамы класа "Стандарт" у асноўным прапануюць буйныя камерцыйныя забудоўшчыкі з вялікім вопытам узвядзення жылля. "У гэтым класе таксама расце цэнавая канкурэнцыя, аднак цэны больш стабільныя. Як правіла, больш высокая якасць будаўніцтва і даступны кошт у гэтым класе робяць такія кватэры больш прывабнымі, чым стандартныя панэлькі", — лічыць кіраўнік кампаніі.
На яе думку, асноўнай тэндэнцыяй на рынку новабудоўляў можна назваць скіраванасць на будаўніцтва недарагога жылля з кампактнымі планіроўкамі. Запатрабаванымі можна назваць аднапакаёвыя кватэры плошчай да 44 кв. м, двухпакаёвыя — да 60, трохпакаёвыя — да 70.
Сярэднярынкавыя цэны сёння складаюць: 905—990 долараў за 1 кв. м у класе "Эканом", 1.030–1.190 — "Стандарт", 1.210–1.290 — "Камфорт", 1.610–1.645 — "Прэстыж".
На думку спецыяліста, да гэтага часу застаецца нездаволеным попыт на кватэры класаў "Эканом" і "Стандарт", якія пабудаваныя ў Мінску і прадаюцца з мінімальнай, але ўсё ж чыставой апрацоўкай.
Яна таксама адзначае: у той час як новабудоўлі класаў "Эканом" і "Стандарт" працягваюць забіраць на сябе асноўную частку попыту, забудоўшчыкі дамоў "Камфорт" і "Прэстыж", кватэры ў якіх прапануюцца па значна больш высокіх цэнах, вымушаныя шукаць шляхі патаннення праекта і зніжэння яго сабекошту. І ў класе "Камфорт" ужо ёсць акцыйныя прапановы на ўзроўні крыху большым за 900 долараў за 1 кв. м. Але нават у гэтым выпадку выніковы кошт кватэры будзе высокім з-за вялікай плошчы.
У класе "Прэстыж" мінімальны кошт 1 кв. м складае прыблізна 1.400 даляраў. Большая частка дамоў класа "Прэстыж", што прапануюцца на рынку, ужо ўведзеныя ў эксплуатацыю. Асноўная прычына ў нізкім попыце на такія кватэры з-за высокіх цэн, адзначае эксперт. У перыяд будаўніцтва ў гэтым класе рэалізуюцца толькі прыблізна 25% кватэр, а асноўная доля прадаецца пасля ўводу дома ў эксплуатацыю, пры гэтым тэрмін продажу можа расцягвацца не на месяцы, а гады. "Менавіта таму часта апошнія "завіслыя" ў продажы кватэры знаходзяць новага ўласніка па істотна зніжаных цэнах", — рэзюмуе Пічуха.
Марына Носава, БелаПАН