У Ракаўскім прадмесці адкрыюць музей савецкага Мінска
У будынку па вуліцы Ракаўская, 17 размесціцца музейная экспазіцыя. Гэта будзе філіял Музея гісторыі горада Мінска.

Па словах галоўнага інжынера прадпрыемства «Мінская спадчына» Сяргея Абрамава, на першым паверсе будзе знаходзіцца кафэ, вялікую залу і частку другога паверха зойме экспазіцыя «вобразы Савецкага Мінска 1919-1991 гадоў». Трэці паверх аддадуць упраўленню культуры Мінгарвыканкама, пішуць «Мінск-Навіны».
Будынак быў узведзены ў другой палове XIX стагоддзя. Першапачаткова гэта быў аднапавярховы дом, які потым дабудоўвалі. У пачатку ХХ стагоддзя тут размяшчаліся не толькі жылыя памяшканні, але і зала для вясельных і бальных вечароў. У 1920-м будынак прыстасавалі пад першы савецкі кінатэатр «Рэкорд». Цяперашняе аблічча будынка склалася прыкладна ў канцы 1930-х і захавалася да 1990-х.
У пачатку 2000-х быў распрацаваны праект рэканструкцыі аб'екта пад «Дом кнігі», але задумка не ўвасобілася. Фактычна будынак не выкарыстоўваўся, пакуль не перайшоў да «Мінскай спадчыны».
Спецыялісты ўзмацнілі падмурак і сцены, зрабілі перапланіроўку і рэстаўравалі фасад. Унутры некаторых памяшканняў удалося выявіць насценны жывапіс, прычым розных перыядаў, часткова ён захаваны і рэстаўраваны. Таксама наведвальнікі ўбачаць фрагменты гістарычнага мура, якія спецыяльна раскрылі для дэманстрацыі.
Дом збіраюцца ўвесці ў эксплуатацыю да Новага года.