У цэнтры Гародні не з'явілася абяцаная плітка

Непакой сяброў Таварыства Беларускай мовы стасоўна захавання старой ходнікавай пліткі падтрымаў Сямён Шапіра. Кіраўнік аблвыканкама асабіста выехаў да Новага Замку, у двары якога былі выкладзены два тыпы пліткі ля ганку гісторыка-археалагічнага музея.



plitkaa1.jpg

Асабістае ўмяшальніцтва абласнога начальніка зрушыць справу ў захаванні малых архітэктурных формаў, мяркуе Аляксандар Місцюкевіч, сябра Таварыства беларускай мовы, які прысутнічаў там.

— Я б сказаў, глянуўшы на ўсё гэта, як сумленны чалавек: “Так, хлопцы, не пойдзе!” Трэба зрабіць так, каб гэтая плітка ляжала ў такім месцы, каб была ўсім бачная, каб па ёй ніхто не таптаўся, і ўсе бачылі, што гэта — наша гісторыя і гэтую гісторыю трэба захаваць. 

Цяпер ужо не было вызначана тэрміну ўсталявання плітак, але праца будзе праходзіць па іх выяўленні для пазнейшай экспазіцыі.

Таксама кіраўнік вобласці падтрымаў ідэю правесці даследаванне і адкапаць ровень брукаванкі 18-га стагоддзя ў новазамкавым двары, каб людзі змаглі ўбачыць нашу гісторыю. Было дадзена даручэнне падрыхтаваць праект з удзелам археолагаў.

* * *

Нагадаем, што гарадзенцы да гэтага часу не дачакаліся абяцанай пліткі ў цэнтры Гародні. Месяц таму сябры Таварыства беларускай мовы сустракаліся са старшынёй аблвыканкама Сямёнам Шапірам наконт выканання ранейшых абяцанняў пра старую плітку, якую шмат дзе дэмантавалі падчас рэканструкцыі цэнтральных вуліцаў. Тады кіраўнік вобласці даручыў, каб цягам месяца плітка была сабраная і ўсталяваная ў цэнтры для ўсеагульнага агляду. На жаль, загад так і не рэалізаваны яго падначаленымі, кажа Аляксандар Місцюкевіч.

— Тое, што я бачыў, што знайшоў, і тое, што разламалі каля дома №8 на вуліцы Савецкай, — гэтай пліткі восем відаў. З іх два віды — гэта пліткі канца 19-га — пачатку 20-га стагоддзя. Яны ляжалі на вуліцы Замкавай, там дзе было гета, і каля сінагогі. А астатнія пліткі — у розных частках горада. Напрыклад, на вуліцы 17-га верасня з надпісам “Фрыльдовіч, Гродна”.

Пакуль па даручэнні Аляксандра Вярсоцкага — чыноўніка аблвыканкама, які курыруе культуру, пакладзена толькі трыццаць дзве пліткі двух найменняў ля ганку Новага замку. Але існуе яшчэ шэсць відаў плітак. Болей таго — тая плітка ніяк не пазначана для агляду. Цяпер, калі тэрмін даручэння галавы аблвыканкама закончыўся, сябры спрабуюць звязацца з ім ізноў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя