У Мінску пройдзе першая ў Беларусі маштабная «Ноч бібліятэк»
Першая ў Беларусі маштабная «Ноч бібліятэк» пройдзе 22 студзеня ў Мінску, паведаміў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.
Фота з сайта lit-bel.org
Арганізатары мерапрыемства — velcom, клуб «Mова TUT.BY», а таксама навуковая бібліятэка БНТУ і Мінская абласная бібліятэка ім. А.С.Пушкіна, у якіх і адбудзецца акцыя.
«Ноч бібліятэк» пройдзе з 19.00 да 23.00, уваход вольны.
Па словах Смірнова, «Ноч бібліятэк» стане кульмінацыяй адукацыйнай праграмы фестывалю мабільных буктрэйлераў velcom Smartfilm, які арганізаваны ўжо ў пяты раз. У гэтым годзе фестываль прысвечаны відэаролікам, якія распавядаюць пра кнігі.
У ходзе начной акцыі вядомыя беларускія медыйныя персоны, сярод якіх бізнэсмены, спартсмены, культурныя дзеячы, збяруцца разам, каб пачытаць услых урыўкі з любімых кніг беларускіх аўтараў і з твораў замежнай літаратуры ў беларускім перакладзе.
«Асноўная мэта нашай новай ініцыятывы — папулярызацыя беларускай літаратуры, — адзначыў арганізатар. — Але ёсць і другая задача — у рамках конкурсу паказаць нашым удзельнікам і гасцям, што беларускія творы «здыманыя», г.зн. па іх можна зрабіць добрае кіно, нават мабільнае».
У гэты вечар у Пушкінскай бібліятэцы абраныя месцы са сваіх любімых твораў будуць чытаць літаратар Андрэй Хадановіч, акцёр Павел Харланчук, тэлевядучы Герман Цітоў, галоўны рэдактар сайта kyky.org Саша Раманава і іншыя.
У бібліятэцы БНТУ — заснавальнік партала TUT.by Юрый Зісер, баскетбаліст Аляксандр Куль, тэлевядучая Ганна Бонд, рэжысёр, паэтка і лідэр музычнага кабарэ-бэнда «Серебряная свадьба» Святлана Бень.
Акрамя таго, у рамках «Ночы бібліятэк» пройдуць іншыя цікавыя мерапрыемствы: майстар-класы па рэдкіх мовах, кітайскай каліграфіі, здымцы кіно на смартфон, адкрытыя ўрокі беларускай мовы ад клуба «Mова TUT.BY», настольныя гульні, варкшопы па напісанні крэатыўных тэкстаў і рэкламных слоганаў, масавы гарадскі буккросінг, дзе можна абмяняцца кнігамі, і, вядома, паказ відэаролікаў-пераможцаў фестывалю velcom Smartfilm мінулых гадоў.