Унікальны адукацыйны праект «10 майстэрняў».
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» прапануе ўнікальны адукацыйны праект «10 майстэрняў».
Праект складаецца з 10 аўтарскіх праграм беларускіх мастакоў. Кожная праграма распрацаваная адным з мастакоў і ўключае шасцідзённы закрыты практычны курс і адну публічную сустрэчу з аўтарам.
Чацвёрты курс адукацыйнага праекта называецца “Аб’ект у полі зроку. Праца з архітэктурнай прасторай”, аўтарамі якога з’яўляюцца Ганна Сакалова і Алег Юшко.
Ганна Сакалова і Алег Юшко жывуць і працуюць у Дзюсельдорфе, Нямеччына. Спецыяльна, для стварэння сваёй майстэрні ў рамках “10 майстэрняў”, мастакі прыехалі ў галерэю “Ў” каб падзяліцца поглядам на сучаснае мастацтва і вопытам у галіне працы з архітэктурнай прасторай!
На працягу 6 дзён удзельнікі майстэрні абмяркуюць пытанні, якія тычацца сайт-спецыфік інсталяцый, а таксама створаць фота-інсталяцыю ў прасторы бара галерэі “Ў” з выкарыстаннем праграм 3D мадэлявання (Rhino, 3ds Max) і апрацоўкі малюнкаў (Photoshop).
Крытэрыі адбору ўдзельнікаў: мастакі, фатографы, студэнты. Пажадана мець ноўтбук, трыял версіі праграм Rhino, 3ds Max, Photoshop.
Пачатак курса Ганны Сакаловай і Алега Юшко адбудзецца 23 ліпеня.
Заяўка на ўдзел у майстэрні Ганны Сакаловай і Алега Юшко павінна змяшчаць рэзюмэ і матывацыйны ліст на паўстаронкі. Заяўку дасылаць на адрас: info@ygallery.by з пазнакай “Майстэрня Ганны Сакаловай і Алега Юшко”.
Удзел у майстэрні платны (60 рублёў). Аплата курса з’яўляецца сімвалічным пацвярджэннем удзелу ў курсе. Грошы ад удзельнікаў курса забяспечваюць неабходныя матэрыялы для працы самой майстэрні альбо рэалізацыі выніковага праекта. Аплата праз касу галерэі.
Ганна Сакалова нарадзілася ў 1975 г. у Мінску, Беларусь.
Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава і манументальнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вучылася ў Нацыянальнай студыі сучасных мастацтваў “Le Fresnoy” ў Францыі, у Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў (класы Даніэля Бюрэна і Давіда Рабіновіча) і ў Акадэміі медыя мастацтваў KHM у Кёльне.
У сваіх працах Ганна Сакалова даследуе ўзаемадзеянне паміж архітэктурнай прасторай і рухомымі малюнкамі. Яна стварае сайт-спецыфік інсталяцыі, якія ўключаюцца ў архітэктурную прастору і трансфармуюць яе.
Жыве і працуе ў Дзюсельдорфе.
Алег Юшко нарадзіўся ў 1974 г. у Мінску, Беларусь.
Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт інфармацыі, інфарматыкі і радыёэлектронікі, г. Мінск, Беларусь. Скончыў курс у галіне новых тэхналогій фатаграфічнага і лічбавага мастацтва, AMOS, Санкт-Пецярбург, Расія. У 2008 годзе стаў лаўрэатам у Вышэйшым інстытуце выяўленчых мастацтваў (HISK), Гент, Бельгія. Алег працуе з аб’ектамі, сайт-спецыфік інсталяцыямі і стварае фота- і вiдэатворы.
Жыве і працуе ў Дзюсельдорфе.
Публічная лекцыя Ганны Сакаловай і Алега Юшко “Аб’ект у полі зроку” ў рамках адукацыйнага праекта “10 майстэрняў” адбудзецца 20 ліпеня а 19-й гадзіне!
Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, праспект Незалежнасці, 37А
+375 (17) 286 31 68
www.ygallery.by