Ва ўжыванні допінгу западозрылі 300 расійскіх спартоўцаў
Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (ВАДА) падазрае ва ўжыванні забароненых прэпаратаў каля 300 расійскіх спартоўцаў. Дадзеныя гэтых спартоўцаў ВАДА пачало дасылаць у міжнародныя федэрацыі.
Гаворка ідзе пра прадстаўнікоў як зімовых, так летніх відаў спорту, чые допінг-пробы спачатку далі станоўчы вынік, але паўторныя праверкі, праведзеныя ў перыяд з красавіка 2012 года па верасень 2015 года, зафіксавалі адсутнасць забароненых рэчываў.
Усе гэтыя спароўцы былі ў «спісе Родчанкава», складзеным на аснове паказанняў былога кіраўніка Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі, які стаў інфарматарам ВАДА.
Сярод расійскіх спартоўцаў, якіх ВАДА падазрае ў парушэнні антыдопінгавых правілаў ёсць патэнцыйныя ўдзельнікі Зімовай Алімпіяды 2018.
Мяркуецца, што новыя доказы дазволяць аднавіць расследаванне спраў, якія раней зайшлі ў тупік, а таксама пачаць новыя расследаванні па выніках якіх, як чакаецца, да шэрагу спартоўцаў будуць ужытыя санкцыі.
Рыгор Родчанкаў узначальваў Маскоўскую антыдопінгавую лабараторыю з 2005 па 2015 год. Пасля таго, як яго абвінавацілі ў знішчэнні допінг-пробаў, Родчанкаў сышоў у адстаўку і з'ехаў у ЗША, дзе даў паказанні аб маштабных парушэннях антыдопінгавых правілаў у Расіі.
Паказанні Родчанкава ляглі ў аснову некалькіх расследаванняў, па выніках якіх многія расійскія спартоўцы былі дыскваліфікаваны і пазбаўленыя медалёў Зімовай Алімпіяды-2014 у Сочы.
Зборная Расіі не дапушчана да Зімовай Алімпіяды, якая пройдзе ў Паўднёвай Карэі ў 2018 годзе. Расійскія спартоўцы змогуць прыняць удзел у Гульнях пад нейтральным сцягам, атрымаўшы адмысловы дазвол.
Паводле meduza.io