Еўрасаюз працягнуў санкцыі супраць Расіі на паўгода
Лідары краін Еўрасаюза працягнуць эканамічныя санкцыі супраць Расіі да сярэдзіны 2018 года. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на старшыню Еўрапейскага савета Дональда Туска.
Абмежавальныя меры закранаюць энергетычны, абаронны і фінансавы сектары.
Гаворка ідзе пра санкцыі, уведзеныя з 31 ліпеня 2014 года, калі Расія анэксавала Крым і пачала ўзброены канфлікт на ўсходзе Украіны.
У чацвер прэзідэнт Францыі Эмманюэль Макрон і канцлер ФРГ Ангела Меркель заявілі, што дагэтуль не выконваюцца Мінскія пагаднення, што з'яўляецца ўмовай зняцця санкцый. Таму абмежаванні ў дачыненні да Расіі будуць дзейнічаць яшчэ паўгода.
Апошні раз санкцыі былі падоўжаныя ў чэрвені 2017 года — тады іх таксама працягнулі на паўгода.
У "чорны спіс" Еўрасаюза ўваходзяць найбуйнейшыя расійскія кампаніі з дзяржаўным удзелам. Ім абмежаваны доступ на еўрапейскі фінансавы рынак. У прыватнасці, пад санкцыі трапілі нафтагазавыя кампаніі «Раснафта», «Газпрам нафта» і «Транснафта», банкі з дзяржудзелам — Сбербанк, ВТБ, «Газпрамбанк», «Знешэканамбанк», — а таксама крымскія кампаніі.
У Расію забаронена пастаўляць высокатэхналагічнае абсталяванне для здабычы нафты ў Арктыцы, на глыбакаводным шэльфе і сланцавай нафты.
Акрамя эканамічных санкцый Еўрасаюз увёў персанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў у Крыме і асобныя санкцыі супраць паўвострава.
Паводле euroradio.fm