«Віза ў Вырай» — чароўны квіток у неверагоднае і дзівоснае
З 17 па 30 лістапада ў галерэі «Прадмесце» адбудзецца выстава Ганны Сілівончык «Віза ў Вырай».

Людзі з даўніх часоў з зайздрасцю і захапленнем глядзелі на птушак і бачылі ў іх загадкавых і містычных істот. У міфапаэтычных традыцыях шматлікіх народаў птушка займае значнае месца. Шмат дзе мы сустракаем старажытны касмаганічны міф аб узнікненні з яйка сусвету і птушках-дэміургах. На Сусветным дрэве птушка знаходзіцца на яго вяршыне і супрацьпастаўляецца хтанічным істотам, часцей за ўсё змеям, месца якіх было ў каранях дрэва. Птушкі могуць з'яўляцца багамі, веснікамі багоў, героямі, пераўтворанымі людзьмі, татэмнымі продкамі, праваднікамі душ і г.д.

Мы ведаем мноства казачных, чароўных і прарочых птах, але і самыя звычайныя не такія простыя як здаецца на першы погляд. У прадстаўленні славян толькі птушкі і змеі пры жыцці кожны год на зімоўку трапляюць у Вырай — цудоўную мясціну, куды накіроўваюцца душы ўсіх памерлых, міфічную краіну вечнага лета і цяпла. Толькі яны могуць атрымаць шматразовую «Візу ў Вырай» — чароўны квіток у неверагоднае і дзівоснае. Цікава, што душы людзей, адлятаючы ў Вырай, пераўтвараюцца ў птушак. У фальклоры сустракаецца матыў замыкання і адмыкання Вырая, залатымі ключамі ад якога валодае часцей за ўсё жаваранак. «Выраем» зваўся і птушыны клін, што ляціць у цёплыя краі.
Птушыныя вобразы нездарма так часта сустракаюцца ў карцінах Ганны Сілівончык. Кожны мастак імкнецца да «творчага палёту», марыць здабыць «крылы натхнення». Але натхняючыся вядомымі міфамі, легендамі і паданнямі, спалучаючы і параўноўваючы гісторыі розных часоў і народаў, мінулае і сучаснасць, архетыпічнае і суб'ектыўнае, мастачка складае новыя казкі, стварае ўласную міфалогію.

Адкрыццё экспазіцыі Ганны Сілівончык «Віза ў Вырай» адбудзецца 17 лістапада ў 18:00. Адрас: г. Минск, вул. Старажоўская, 6. Галерэя працуе з 11:00 да 19:00, у нядзелю да 18:00.