«Вяселле фэст» адбудзецца 10 жніўня!

10 жніўня ў сядзібе «Стулы» (в. Стойлы, Пружанскі раён) адбудзецца «Вяселле фэст» — фестываль, накіраваны на аднаўленне і папулярызацыю вясельных традыцый. Наведвальнікі мерапрыемства змогуць пазнаёміцца са старажытнымі вясельнымі абрадамі ў маляўнічым месцы каля Белавежскай пушчы.

66372255_2195083090781857_8167331005737205760_n.jpg


Усіх гасцей фестывалю чакае атмасфера сапраўднага вясковага вяселля — з гульнямі, спевамі, танцамі, стравамі і напоямі. На імпрэзе будуць сапраўдныя жаніх і нявеста — Сяржук Доўгушаў і Віялета Нікіцік, а таксама сваты — Сяргей Выскварка і Юлія Літвінава — прафесійныя знаўцы вясельных абрадаў. Разам з імі вы трапіце на сапраўднае застолле, паўдзельнічаеце ў вясельных гульнях, даведаецеся, як робяць вясельны каравай, і шмат чаго яшчэ!

На фестывалі зайграюць і заспяваюць фальклорныя калектывы «Рада», «На таку», «Мярэжа», «Колісьнія», «Бабіна лета», «Церабяначка», сёстры Лук’яновіч, «Любанскія музыкі», Еўдакія Зіновіч і Фёдар Булыга, «Хатовічы», «Чабатухі».

Удзел у фестывалі платны. Калі вы купляеце квіток, вы можаце выбраць, з чыйго боку вы будзеце прысутнічаць (і ўдзельнічаць у абрадах) — з боку жаніха ці нявесты. У кошт квітка ўваходзяць стравы, напоі і забаўляльная праграма. На тэрыторыі фестываля можна пераночыць у намётах ці на сядзібе (за асобную плату). Колькасць квіткоў абмежаваная (50 гасцей).

На фестывалі вітаюцца народныя строі і ўпрыгожванні. Пачатак імпрэзы — 15.00. Замовіць квіткі можна тут ці па тэлефонах: +37529 5677218, +37529 6357999.