Выйшаў у свет другі нумар часопіса, прысвечанага традыцыйнай культуры

У часе зімовага сонцавароту, 21 снежня, у беларускай сталіцы Менску быў прэзентаваны другі нумар часопіса «Свайкста», які выдае рэдакцыя Svajksta.by.

20171222_sv_.jpg

Часопіс выпускаецца паводле матэрыялаў, якія на працягу прамінулага году з'яўляліся на сайце. Першы, пілотны нумар выйшаў увесну, у ім змяшчаліся тэксты за 2016 год. У гэтым выпуску — самыя цікавыя навіны з Беларусі, суседніх краін і свету за 2017 год. Часопіс дае досыць досыць поўную карціну па падзеях за год і дазваляе з «першага прыбліжэння» зарыентавацца ў тым, што было важнага на думку беларускіх прыхільнікаў этнічнай традыцыйнай культуры.
Як у першым, так і ў другім нумарах пастаянныя рубрыкі — «Літва», «Латвія», «Балты», «Традыцыя».
У рубрыцы «Літва» — рэпартажы з гары Шатрыі, з фестывалю Юодарагіс. У рубрыцы «Латвія» — фотарэпартаж з рыжскага Фестываля традыцый масак, навіна пра выдадзеную Банкам Латвіі манету з богам грымотаў Пэркансам, пра латвійскі фільм «Пярсцёнак Намея».
У рубрыцы «Балты» — навіны не толькі пра VII Балцкую Крывулю (сход прыхільнікаў духоўнага адзінства нашчадкаў балцкіх культур) у латвійскай Локстэнэ, але і пра ўсходнія, некалі балцкамоўныя, землі, Цвер, Варонеж, Разань, Смаленск. Менавіта "Свайкста" на працягу ўсёй сваёй 5-гадовай працы настойліва звяртае ўвагу на тэму балцкіх земляў на ўсход ад Беларусі. Змешчаны таксама вялікі рэпартаж пра сёлетні Дзень адзінства балтаў у Беларусі — фотаздымкі, спіс месцаў, тэндэнцыі (у параўнанні з мінулым годам колькасць месцаў, дзе запалілі агонь, нават падвоілася).
З іншых цікавостак 2-га нумару «Свайксты» — тэксты пра архаічнае значэнне велікодных яек і пра балцкае паходжанне веснавога свята ўшанавання памерлых «Радаўніца» ў беларусаў. Падаюцца рэпартажы пра тое, як летам энтузіясты аднавілі ахвярнік на ўсходзе Беларусі, у Магілёўскай вобласці, а таксама правялі балцка-паганскае вяселле каля Смургоняў.
У пачатку будучага года плануецца правесці прэзентацыю часопіса ў Вільні і Рызе.
Паводле прэс-рэліза