Выйшла відэаверсія канцэрту «(Не)расстраляная паэзія»
Пабачыла свет відэаверсія канцэрту «(Не)расстраляная паэзія», які адбыўся 29 кастрычніка 2017 году ў мінскім клубе «Брюгге».
![tuzin_01.jpg tuzin_01.jpg](/img/v1/images/tuzin_01.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У канцэрце ўзялі ўдзел 11 выканаўцаў.
Усе яны прэзентавалі песні на вершы беларускіх паэтаў, большасць з якіх была
расстраляная ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
На музыку былі пакладзеныя творы Валерыя Маракова, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага, Міхася Чарота, Зямы Піваварава ды іншых.
![fota4_kancert.jpg fota4_kancert.jpg](/img/v1/images/fota4_kancert.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Лічу гэты праект вельмі істотным, бо нельга замоўчваць той факт, што было вынішчана большасць таленавітых беларускіх аўтараў 1930-х. Вельмі шкада, што пра гэта сёння мала гавораць», — зазначае адзін з удзельнікаў канцэрту Лявон Вольскі.
Акрамя 11 трэкаў, якія былі запісаныя ў клубе «Брюгге», да відэаверсіі «(Не)расстралянай паэзіі» далучаная кампазіцыя Светы Бень з гурта «Серебряная свадьба» на словы Ізі Харыка. Спявачка не здолела ўзяць удзел у канцэрце, але прэзентавала песню раней — на адкрытай лекцыі, прысвечанай паэту, у кнігарні «Логвінаў».
У верасні стартавала другая частка
праекту, у межах якой выйдзе кніжнае выданне з музычным дадаткам, пройдуць
новыя лекцыі з выступамі музыкаў у Мінску і прэзентацыі ў рэгіёнах.
Першая імпрэза пройдзе 2 кастрычніка ў Мінску. У кнігарні «Логвінаў» даследчык літаратуры Віктар Жыбуль прачытае адкрытую лекцыю пра паэта Сяргея Астрэйку, песню на ягоны верш ужывую зайграе гурт Zanzibar.
А 7 кастрычніка ў прасторы «Дом 46» у Гродна лекцыю пра Майсея Кульбака прачытае Вольф Рубінчык.
Замовіць кнігу з CD праекту «(Не)расстраляныя» на Ulej.by
Фота Марыны Серабраковай, budzma.by