Выставу «1919: Беларуская рэспубліка» можна паглядзець анлайн

Выстава «1919: Беларуская! Рэспубліка» – гэта лагічнае і канцэптуальнае прадаўжэнне выставы «1918:БНР – Ідэя.Край.Дзяржава», якая прайшла на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у 2018 годзе.

000027_1553754273_341728_big.jpg

Беларуская дзяржава. Калісьці гэта была толькі ідэя. Потым гэта стала словамі на паперы і межамі на карце. Яшчэ праз некаторы час — рэальнасцю, у якой жылі яны і жывем зараз мы. Дзеля рэалізацыі гэтай ідэі цэлае пакаленне беларускіх нацыянальных дзеячаў ахвяравалі свае сілы, працу і жыццё. Іх шмат што падзяляла: асабістыя спрэчкі, палітычныя перакананні, выбар саюзнікаў, фронт, па розныя бакі якога яны змагаліся. Аб’ядноўвала гэтых людзей адно — беларускае сэрца, якое білася ў іх грудзях. І гэта сэрца было ахопленае ідэяй пабудовы беларускай дзяржавы. За яе ахвяравалі жыццём слуцкія паўстанцы, якія змагаліся з бальшавікамі, але гэтай жа ідэяй кіраваліся і тыя, хто будаваў Беларускую рэспубліку на савецкай аснове. І насуперак усім знешнім і ўнутраным фактарам і дзякуючы ўсім намаганням таго пакалення Беларуская дзяржава паўстала.
Выстава “1919: Беларуская! Рэспубліка” – гэта лагічнае і канцэптуальнае прадаўжэнне выставы “1918:БНР – Ідэя.Край.Дзяржава”, якая прайшла на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у 2018 годзе. Гэта выстава пра ідэю і пра людзей. Пра тых, хто зрабіў першы крок 25 сакавіка 1918 года і тых, хто падхапіў штандар дзяржаўнасці 1 студзеня 1919 года. Пра тыя часы, калі адкрываліся беларускія школы і ўніверсітэты, будаваліся заводы, вярталіся тэрыторыі, а “Уся ЦК КП(б)Б гаварыла на беларускай мове!”. Калі беларусізацыя, не ўціскаючы ні адну нацыянальную меншасць ахапіла краіну… і пра тое, як і хто яе спыніў.