Запрашае шматстылёвы “Лабірынт–2”
Сёння ў Мінску адчыняецца адна з самых маштабных мастацкіх выстаў года — “Лабірынт–2”. Адкрыццё а 18 гадзіне ў Палацы мастацтваў на Казлова, 3.
Як вядома, першай рэгулярнай паўторнай выставачнай падзеяй у свеце зрабіліся Парыжскія Салоны. З 1725 года яны адбываліся ў квадратным салоне Луўра, адкуль і запазычылі сваю назву. У Салонах нарадзіўся інстытут мастацкай крытыкі, упершыню з’явіліся выставачныя каталогі. Іх прэстыжнасць вызначалася тым, што Салоны былі афіцыйнай экспазіцыяй Акадэміі мастацтваў.
У Мінску падобнай афіцыйнай справаздачай, толькі секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў — другі год запар робіцца выстава “Лабірынт”, у 2015 годзе, адпаведна, пазначаная як “Лабірынт–2”. У самой назве падзеі — прызнанне шматстылёвасці экспанаванага, як кажуць, “ад класікі да авангарду”. Зразумела, не раўнаючы з Парыжскай Акадэміяй XVIII ст., Беларускі Саюз не імкнецца зацугляць сваіх чальцоў фармальнымі абмежаваннямі. Таму сярод узораў мастакоўскіх ідэй, памкненняў, вынаходніцтваў, глядач часам блукае бы па лабірынце. Нацыянальная школа прадстае ва ўсёй сваёй разнастайнасці — у гэтым перавага калектыўных неканцэптуальных праектаў перад індывідуальнымі выставамі ці паказамі мастацкіх груповак. Што прыкладна чакае сёння гледача, можна уявіць, зірнуўшы на экспазіцыю мінулагодняга “Лабірынту” тут.
Побач з некаторымі недахопамі і эстэтычнымі раздражняльнікамі, якія высоўвае незгарманізаванасць агульнага, “Лабірынт” мае істотную перавагу. Ён паказвае шырокую панараму таго, што адбываецца ў мастакоўскім асяроддзі краіны. Запрашаем, афіша абяцае “ўрачыстае адкрыццё” а 18 гадзіне сёння, 14 красавіка 2015 г. Выстава працуе па 22 красавіка з 11.00 па 19.00 апрача панядзелка у Палацы мастацтваў на Казлова, 3 у Мінску.
Телефоны для даведак: (017) 288-15-49 — Палац мастацтваў;
(017) 296-67-84 — Беларускі саюз мастакоў.