Заспявайце Манюшку па-беларуску разам са «Спеўным сходам»

Да 200-годдзя нашага выбітнага кампазітара і дырыжора Станіслава Манюшкі «Спеўны сход» збірае сродкі на правядзенне спеўных сустрэч у 7 гарадах Беларусі!

ile9omjftiikfxqf.png


Сёлета 5 траўня беларусы адзначалі 200-годдзе славутага земляка Станіслава Манюшкі. Гэтая постаць неверагодна важная для беларускай культуры. Менавіта з Манюшкаўскай «Сялянкі», лібрэта да якой напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, пачынае адлік гісторыя беларускай нацыянальнай оперы. Акурат на прэм’еры «Сялянкі» ў 1852 годзе ўпершыню са сцэны прагучала беларуская мова. Акрамя шэрагу вадэвіляў, музычных камедый, опер, Станіслаў Манюшка стварыў амаль чатырыста рамансаў і песень.

З юнацкіх гадоў, якія прайшлі на Міншчыне, кампазітар натхняўся беларускім фальклорам, што і знайшло адлюстраванне ў яго песеннай спадчыне. Сам Станіслаў Манюшка ў прадмове да «Хатняга спеўніка» адзначыў, што «тое, што ёсць у ёй [музыцы] народнага, нацыянальнага, мясцовага, што з’яўляецца водгаласам нашых дзіцячых успамінаў, ніколі не перастае падабацца жыхарам той зямлі, на якой яны нарадзіліся і выраслі».

Святкаваць угодкі такой значнай постаці ў беларускай музыцы варта разам, ды дакладна з песняй.

«Спеўны сход» заклікае ўсіх беларусам далучыцца да святкавання: падтрымаць праект, а потым непасрэдна прыняць удзел у «Спеўных сходах», прысвечаных Станіславу Манюшку.

У межах «Спеўных сходаў», адмыслова распрацаваных да 200-годдзя Станіслава Манюшкі, можна будзе пазнаёміцца з чароўнай песеннай спадчынай кампазітара, навучыцца спяваць рамансы геніяльнага земляка. Калі атрымаецца сабраць неабходную суму, “Спеўны сход” запіша фанаграмы для спеваў і зробіць годнае караоке з рамансамі Манюшкі.

Спеўныя сходы адбудуцца з 5.05.2019 па 30.06.2019 у 7 гарадах Беларусі: Брэсце, Віцебску, Магілёве, Гродна, Маладзечне, Полацку і Мінску.

Падтрымаць праект можна на molamola.by

Падобныя «Спеўныя сходы» па творчасці Станіслава Манюшкі некалькі разоў праводзіліся ў Мінску і досыць паспяхова, у чым можна ўпэўніцца тут:



«Спеўны сход» — гэта сустрэчы, дзе людзі збіраюцца разам, каб спяваць беларускія песні розных часоў. Сяржук Доўгушаў — стваральнік і кіраўнік праекта. Ініцыятыва «Спеўны сход» ужо 4 гады яднае сотні людзей, якія маюць цікавасць да беларускай музычнай культуры.

 Паводле прэс-рэлізу