«Жоўтая брукаваная дарога» Элы і яе сяброў

Ва ўправе ТБМ імя Францішка Скарыны раскрывалі таямніцы асобы мастака, рэстаўратара, перформера Алеся Пушкіна і спевака Змітра Вайцюшкевіча.



Пушкін і Вайцюшкевіч сталі галоўнымі дзеючымі асобамі кніг, якія пабачылі свет дзякуючы ініцыятыве журналісткі і грамадскай дзеячкі Элы Дзвінскай — «Алесь Пушкін» і «Беларускае слова ад спеву» (У суаўтарстве з П. Северынцам і аўтарам гэтых радкоў). Дарэчы, так шчасліва супала, што сп. Эла ў гэты дзень разам з Алесем Пушкіным таксама адзначала свой 50-гадовы юбілей.

Негледзячы на тое, што героі кніг Дзвінскай выстраіліся ў чаргу перад сваім беніфісам, сябры ТБМ і ўсе, хто ведае журналістку, спачатку павіншавалі яе. Намесніца старшыні ТБМ сп. Алена Анісім, якой на правах гаспадарыні прадставілі першае слова, зазначыла, што Эла Дзвінская не толькі таленавіты публіцыст, але і спагадлівы чалавек, які адгукаецца на боль іншых людзей, заўсёды імкнецца дапамагчы ім. Да таго ж, Эла Дзвінская з’яўляецца актыўным сябрам Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. У знак прызнання заслуг журналісткі, старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Трусаў узнагародзіў Дзвінскую ганароваай «Падзякай» за значны ўнёсак у адраджэнне роднай мовы, дапамогу актывістам, якія з розных прычын, маюць патрэбу ў падтрымцы.

Кніга «Алесь Пушкін» выклікала ўвагу прысутных. Госці з цікаўнасцю пазнаёміліся з рознымі бакамі творчага жыцця Алеся Пушкіна, якога ведаюць многія беларусы, бадай, толькі па легендарным пэрформансе з «тачкай гною» ля прэзідэнцкай адміністрацыі. Алесь — асоба неардынарная: ён і манументаліст, і тэатральны мастак, рэстаўратар, і, як нядаўна высветлілася, шчаслівы шукальнік гістарычных рарытэтаў.

У сваім слове Алесь падзякаваў выдаўцам, складальнікам кнігі, журналістам, у тым ліку і карэспандэнту «Новага Часу» Аляксандру Тамковічу, якія ажыццявілі гэты праект.  Мастак распавёў пра тое, як ідзе праца над роспісам спаленай царквы ў яго роднай вёсцы Бобр. А таксама пра акалічнасці знаходкі вельмі рэдкіх дакументаў і графічных замалёвак, якія ён адшукаў падчас рэстаўрацыйных работ у касцёле Дабравешчання Дзевы Марыі ў вёсцы Вішнева, над афармленнем якога ў свой час працаваў вядомы беларускі мастак Фердынанд Рушчыц.

«Усе ўнікальныя дакументы, малюнкі, планы перададзены намі ў Дзяржаўны нацыянальны гістарычны архіў. З гэтымі знаходкамі ўсе зацікаўленыя змогуць пазнаёміцца на адмысловым сайце, які хутка пачне працу. Яго адрас у інтэрнэце: vichneva.by» — дадаў Алесь Пушкін.

Як заўсёды, запамінальным было песеннае вітанне ад Змітра Вайцюшкевіча — добрага кампазітара, які чуйна разбіраецца ў паэзіі, ёсць прафесіянал-выканаўцам. 

Цудоўным завяршаючым акордам творчай вечарыны Элы Дзвінскай і герояў яе кніг, стала выступленне на «біс!» Змітра Вайцюшкевіча. Яго песні «Гітара», «Маці» абуджалі лепшыя пачуцці, зачароўвалі меладычнасцю спеваў і нашай мовы. А самыя гарачыя апладысменты выклікала песня  Вайцюшкевіча «Віцебск-2030», у якой у сатырычным кллючы ўздымаецца праблема обмежаванняў для беларускамоўнай музыкі ў тэле- і радыё-эфіры, на фестывалях і канцэртных пляцоўках.

Фота аўтара