985-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы амаль акружылі Курахова
Апошнія зводкі з украінскага фронту і з Курскай вобласці.
***
На думку аналітыкаў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), спробы расійскага Мінабароны цэнтралізаваць кантроль над неафіцыйнымі расійскімі падраздзяленнямі беспілотнікаў можа часова затармазіць аперацыі РФ з выкарыстаннем дронаў.
Расійскае выданне «Важные истории» сабрала некалькі паведамленняў ад так званых расійскіх ваенных блогераў, якія скардзяцца на тое, што іх камандаванне сістэматычна расфармоўвае неафіцыйныя падраздзяленні беспілотнікаў і аддае вопытных аператараў БпЛА ў пяхотныя атакі, што прыводзіць да вялікіх страт сярод аператараў дронаў.
Некаторыя блогеры патлумачылі, што расійскае ваеннае камандаванне аддае перавагу «мясным» штурмам з выкарыстаннем пяхоты і не мае дастатковай колькасці асабістага саставу для працягу гэтых штурмаў. Таксама адзначаецца, што некаторыя роты налічваюць 90 чалавек, з якіх толькі 20 з'яўляюцца рэгулярным штурмавым персаналам, а астатнія — неафіцыйныя аператары беспілотнікаў, спецыялісты па сувязі і вайскоўцы, якія дапамагаюць у эвакуацыі загінулых і параненых.
Некаторыя расійскія блогеры, аднак, звязваюць гэтую тэндэнцыю з нядаўнімі намаганнямі Міністэрства абароны Расіі па фармаванні «аб'яднаных тэхнічных батальёнаў беспілотнікаў» і Цэнтра перспектыўных беспілотных тэхналогій «Рубікон».
Блогеры таксама крытыкавалі намаганні МА РФ па стварэнні асобных спецыялізаваных «тэхнічных батальёнаў беспілотнікаў», спасылаючыся на адсутнасць адзінай расійскай сістэмы сувязі, якая б дазволіла спецыяльным падраздзяленням беспілотнікаў цесна каардынаваць свае дзеянні са штурмавымі падраздзяленнямі.
Яны, акрамя таго, скардзіліся на тое, што МА РФ спатрэбіцца шмат часу для наладжвання сувязі паміж новымі цэнтралізаванымі падраздзяленнямі беспілотнікаў і штурмавымі падраздзяленнямі, што прывядзе да таго, што расійскія штурмавыя падраздзяленні часова страцяць прыкрыццё з боку беспілотнікаў.
«Скарачэнне расійскіх спецыялістаў па беспілотніках можа таксама прынамсі часова затармазіць расійскія аперацыі з выкарыстаннем БпЛА, калі Міністэрства абароны Расіі прадоўжыць свае намаганні па цэнтралізацыі».
***
Расійская армія за апошнія суткі яшчэ трохі прасунулася ў раёне Курахова, сціскаючы «мяшок» вакол гэтага горада з абодвух флангаў. Прасоўванне праціўніка канстатуюць украінскія крыніцы.
Праект «Deep State» ў чарговым абнаўленні сваёй мапы лініі фронту адзначае, што расійцы прасунуліся каля Максімаўкі, Яснай Паляны і Богаяўленкі на поўдзень ад Курахова і ў Крэменной Бэлькі — на поўнач ад яе.
Украінскія ваенныя блогеры дадаюць да гэтага, што расійскія часткі прасунуліся і ў Ільінцы, уздоўж паўночнага берага вадасховішча, на паўднёвым беразе якога стаіць Курахова, а на поўнач, у раёне Крэменной Бэлькі, яны прайшлі далей на захад, чым пакуль можа пацвердзіць «DeepState» — яны ўжо ў частцы вёскі Вазнясенка.
Курахова знаходзіцца на захад ад Данецка, прыкладна ў 20 км па прамой ад лініі фронту, якой яна была на 24 лютага 2022 года.
***
За мінулыя суткі расійскія войскі атакавалі Сілы абароны Украіны на 11 кірунках фронту, адбылося 169 баявых сутыкненняў, самая гарачая сітуацыя захоўваецца на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ.
У ноч на 4 лістапада расійскія войскі атакавалі Украіну балістыкай, кіраванымі авіябомбамі і 80 ударнымі беспілотнікамі. Супрацьпаветраная абарона збіла 50 варожых дронаў.
Паведамляецца, што вораг запусціў балістычнай ракетай «Іскандэр-М» па Днепрапятроўшчыне з Растоўскай вобласці і атакаваў кіраванымі авіябомбамі Харкаўскую вобласць.
БпЛА тыпу «Shahed» і неўстаноўленага тыпу расійскія захопнікі запускалі з Браншчыны, Куршчыны і Прыморска-Ахтарска. 27 варожых беспілотнікаў лакальна страчаны ў розных рэгіёнах Украіны.
Паветраны напад адлюстроўвалі зенітныя ракетныя войскі, Авіяцыя, падраздзяленні РЭБ, мабільныя агнявыя групы паветраных сіл і сіл абароны Украіны.
Таксама паведамляецца, што пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну УСУ абясшкодзілі ўжо больш за 700 тысяч варожых салдат. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 04.11.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 700 390 (+1 300) чалавек;
- танкаў — 9 193 (+11) адз.;
- баявых браніраваных машын — 18 538 (+15) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 20 121 (+35) адз.;
- РСЗА — 1 245 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 994 (+0) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 329 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 18 280 (+93) адз.;
- крылатых ракет — 2 629 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 28 237 (+77) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 587 (+3) адз.
***
Расійскія войскі другі раз за вечар учора нанеслі ўдар КАБамі па Харкаве, вядома пра 14 пацярпелых.
Улады горада паведамілі, што адзін з удараў прыйшоўся ў раён шчыльнай жылой забудовы. «Паводле наяўнай інфармацыі — трапленне ў супермаркет у Шаўчэнкаўскі раёне, які размешчаны каля шматпавярховых дамоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, пашкоджаныя лініі электраперадач і наземнага электратранспарту. У бліжэйшых дамах ёсць выбітыя шыбы», — напісаў мэр Харкава Ігар Церахаў.
Раніцай стала вядома, што пацярпелі як мінімум 14 чалавек.
***
На працягу мінулага дня расійцы здзейснілі 43 абстрэлы 13 грамад Сумскай вобласці, паведаміла ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці.
«Зафіксавана 102 выбухі. Абстрэлам падвергліся Сумская, Хоцінская, Юнакоўская, Белапольская, Краснапольская, Вялікапісараўская, Чупахоўская, Пуціўльская, Эсманьская, Шалыгінская, Сярэдзіна-Будская, Дружбаўская, Свеская грамады».
***
Расійскія войскі выпусцілі ракету па Днепрапятроўскай вобласці, у выніку чаго пашкоджана інфраструктура ў Дняпроўскім раёне, напісаў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram.
«Уначы агрэсар атакаваў ракетай Дняпроўскі раён. Узнік пажар, які ратавальнікі патушылі. Пашкоджана інфраструктура».
Таксама, паводле слоў кіраўніка вобласці, захопнікі ўдарылі дронам-камікадзэ па Нікапалі і білі з артылерыі па Марганецкай грамадзе.
Лысак падкрэсліў, што абышлося без пацярпелых.
***
У выніку авіяўдару 3 лістапада па Каўшароўцы на Харкаўшчыне загінулі тры чалавекі, яшчэ адна жанчына пацярпела, паведамляе паліцыя Харкаўскай вобласці.
«У пасёлку Каўшароўка на Купяншчыне пра пападанне варожай авіябомбы ФАБ-500 загінулі тры чалавекі».
Адзначаецца, што яшчэ адна жанчына атрымала раненні. Захопнікі пашкодзілі дамы, медустанову, аўто «хуткай дапамогі».
***
Украінскія марскія пяхотнікі падзяліліся кадрамі адбіцця штурмавой атакі расійскіх дэсантнікаў у Курскай вобласці РФ.
«Дэмакратыя ў дзеянні! Татальны разбор БМП штурмавой групы расійцаў на Куршчыне разлікам "Джавеліна" мікалаеўскіх марпехаў.
Накат дэсанту разгромлены сіламі артылерыі і ўдарных дронаў брыгады».
Паказваецца, што аэравыведку забяспечвала падраздзяленне «Грыфон 501».
***
Мінабароны Расіі сцвярджае, што ваеннай авіяцыяй і ўдарнымі беспілотнікамі «нанесена паражэнне інфраструктуры ваенных аэрадромаў, аб'ектах энергетыкі і нафтаперапрацоўчаму заводу, што выкарыстоўваюцца для забеспячэння УСУ».
Час нанясення ўдараў не ўдакладняецца. Расійскія вайскоўцы таксама заяўляюць, што яны нанеслі ўдар па «цэхах вытворчасці і месцы захоўвання безэкіпажных катэраў, жывой сіле і вайсковай тэхніцы праціўніка ў 132 раёнах».
Інфармацыя пакуль не пацверджаная.