
Канцэрт быў анансаваны некалькі дзён таму партыяй БХД і запланаваны на 16.00. У палову на пятую ля рэстарацыі сабралася каля 35 чалавек — не лічачы журналістаў і абавязковых шунявак.


Абаронцы Курапатаў кажуць, што блакаванне ўезду ў рэстарацыю дае свой плён.
Вольга Мікалайчык адзначае, што машын, што хацелі трапіць у "Паедзем паядзім", сёння было няшмат, меней чым учора. Максім Вінярскі дадае: кожнаму, хто прыязджае, абаронцы даюць буклет і тлумачаць, што за месца Курапаты, і чаму адпачываць на ім недарэчна. Да радасці пратэстоўцаў, многія пасля гэтага разварочваюцца і адмаўляюцца наведваць рэстарацыю.
Дзяніс Урбановіч, які быў затрыманы 8 чэрвеня за вышэй згаданы надпіс на плоце, кажа:
— Зранку было шмат машын, зараз меней. Што робім? Спыняем, тлумачым. Дарэчы, нямала аўто на расійскіх нумарах.
Малады хлопец, які адмовіўся назваць свае імя і прасіў не фатаграфаваць ягоны твар, сказаў, што прадстаўляе анархісцкі рух:
— Прыйшоў падтрымаць людзей і расказаць ім аб тым, што трэба змагацца больш рашучымі метадамі і расказваць астатнім аб усім, што тут адбываецца. Лічу, што анархісты далучацца да пратэсту, калі тут будзе больш людзей. Калі людзі будуць заставацца тут і змагацца і прыцягваць новых удзельнікаў — хутчэй за ўсе пратэст будзе трываць.

Узняўшыся на металічны люк — імправізаваную трыбуну — бард Зміцер Захарэвіч адкрыў канцэрт сваім вершам "Расстрэльныя спісы".


Падчас канцэрта ніякіх надзвычайных здарэнняў не адбывалася — акрамя невялічкай сям'і, якая пехатой, не зважаючы на папярэджанні і настойлівыя папрокі пратэстоўцаў, зайшла праз галоўную браму ў рэстарацыю. Наведвальнікі нават не азірнуліся і захоўвалі спакой — магчыма, тое былі сябры ці сталыя кліенты ўладальнікаў рэстарана, якія выдатна разумелі, хто і чаму спрабуе іх спыніць.