Аб’яднаная грамадзянская партыя распачала збор подпісаў за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі

У адмысловай заяве АГП адзначае, што ўлада прадэманстравала сваю поўную бездапаможнасць і страціла ўсялякае маральнае права кіраваць краінай, бо ў трэці раз за пяць гадоў дапусціла ўзнікненне валютна-фінансавага крызісу.



liabiedzka1.jpg

«Мы ўпэўненыя, што ніякія дэкаратыўныя меры не дапамогуць, час называць рэчы сваімі імёнамі. Краіна знаходзіцца ў глыбокім і сталым крызісе, што дае народу права патрабаваць адстаўкі не толькі ўраду і кіраўніцтва Нацбанку, але і Аляксандра Лукашэнкі, які нясе персанальную адказнасць за дзейнасць выбудаванай ім уладнай вертыкалі, якая цалкам пазбавіла народ права на іншае меркаванне, адрознае ад афіцыйнага».
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што «гэта здаровая рэакцыя нармальных людзей на фінансавы і эканамічны тупік, у які краіну завялі Аляксандар Лукашэнка і яго ўрад, Нацбанк, парламент і ўсё ягонае атачэнне».
«За пяць гадоў — трэці шок без усялякай тэрапіі. За пяць гадоў — тры такія моцныя ўзрушэнні для людзей. Гэта разбой, гэта рабаўніцтва, гэта можна называць як заўгодна, але гэта ўсё, што звязана з фінансавым самаадчуваннем людзей, краіны, прадпрыемстваў. Мы на гэта рэагуем, гэта наша палітычная рэакцыя. Спачатку была заява. Наступны крок — гэта збор подпісаў, які мы пачалі праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.
А на пачатку наступнага году пойдзем да людзей. Будуць пададзеныя заяўкі на пікеты. І калі будзе дазвол (пакуль гэта малаверагодна), то мы падчас пікетаў будзем збіраць гэтыя подпісы ўжо ў жывую, праз камунікацыю з людзьмі. Калі не дадуць дазвол — знойдзем мажлівасці так ісці да людзей і збіраць подпісы».
Карэспандэнт: «А якая мэта гэтага збору? Куды вы плануеце перадаць гэтыя подпісы?»
Лябедзька: «Наша задача ў 2015 годзе — папрацаваць, каб істотна павялічыць колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу. Якім чынам ідэнтыфікаваць людзей, якія пакуль не ў палітычных партыях ці грамадскіх аб’яднаннях, але якіх не задавальняе сітуацыя. Вось праз збор подпісаў мы робім такую ідэнтыфікацыю. Мы будзем імкнуцца сабраць гэтых людзей пад свае сцягі, свае мэты і задачы, прапанаваць усім супольную працу, супольны плян дзеянняў. Гэта задача, якая стаіць перад намі. І гэта такі грамадзянскі ўчынак — калі чалавек ставіць свой подпіс, называе сваё прозвішча. Ва ўмовах страху і фінансава-эканамічнай залежнасці большасці людзей ад улады — гэта мае сэнс рабіць».
Карэспандэнт: «А куды вы перадасьцё гэтыя подпісы?»
Лябедзька: «Такая мэта — каб абавязкова перадаць гэта Лукашэнку ці ва ўрад — можа быць. Але для нас гэта — дзясятая задача. Для нас галоўнае цяпер — падняць хвалю актыўнасці, каб людзі самаарганізоўваліся, вызначаліся ў сваім палітычным і грамадзянскім выбары. Вось гэта галоўнае».
Карэспандэнт: «То бок, вы не ставіце мэту сабраць мільён ці сто тысяч подпісаў?»
Лябедзька: «Мы не будзем займацца жангліраваннем лічбамі. Чым больш — тым лепей. Але калі людзі даюць свае дадзеныя — яны даюць нейкую згоду на супрацу. Я падкрэсліваю: той колькасці людзей, якую сёньня аб’ядноўваюць палітычная апазіцыя, партыі і грамадскія арганізацыі — гэтага недастаткова, гэтага яўна мала. А людзей, якія хочуць пераменаў, значна больш. І нам трэба шукаць формы наладжвання супрацы з гэтымі людзьмі».
22 снежня Аб’яднаная грамадзянская партыя выступіла з заявай, патрабуючы адстаўкі Лукашэнкі і яго ўраду. Яе тэкст лёг у аснову сумеснай заявы лідэраў беларускай апазыцыі.
svaboda.org