Ахвяра аварыі ля Пяршаяў: “Мы даставалі аскепкі шкла з далоняў, залізвалі ранкі”

Настаўніца з Вілейкі Алена Дубаневіч была ў аўтобусе са школьнікамі, які трапіў у аварыю і не магла не расказаць пра тое, як пасажыры перажылі аварыю:



images_cms_image_000028711.jpg

— Хочацца сказаць “дзякуй” некаторым адказным службам Валожынскага раёна: якія “не ведалі” пра наймацнейшы галалёд і не далі загад пасыпаць дарогі сумессю, асабліва той даволі аварыйны ўчастак. Дарожнай службе, чый непасрэдны абавязак сачыць за сітуацыяй на дарозе і своечасова прымаць меры. Службе ДАІ, чыя машына прыехала амаль праз паўтары га­дзіны. “Хуткай дапамозе”, якая не прыехала наогул.

Так, у нас абышлося без сур’ёзных траўмаў, мы справіліся самі.

Мы вычэсвалі аскепкі шкла з валасоў адзін аднаму, вымалі дробныя кавалкі з пальцаў і далоняў, залізвалі невялікія ранкі.

Але абсалютна ўсім вельмі спатрэбіліся б супакаяльныя сродкі, мацнейшыя за валяр’янку і валідол.

Мы праседзелі тры гадзіны ў халодным разбітым аўтобусе, не патрэбныя нікому.

Дарослыя, якія самі былі ў шоку, як маглі супакойвалі дзяцей, якіх было амаль палова пасажыраў. Назіраючы, як каля нас выпісвае піруэты астатні транспарт, мы баяліся, што нехта ўрэжацца ў наш і без таго пацярпелы аўтобус. Дарогу пасыпалі праз дзве з паловай гадзіны. На шчасце, ўсе вярнуліся дадому жывыя і здаровыя. Кожны зрабіў свае высновы з сітуацыі.

Але да канца жыцця хтосьці будзе памятаць звон разбітага шкла і дождж аскепкаў, якія сыплюцца на галаву. Хтосьці — зваліўшыся на галаву кавалак шыферу, хтосьці — застыўшы ў сантыметры ад скроні вугал даху. Мы ўсе зрабілі высновы. А хто-небудзь яшчэ высновы зрабіў?

get_img?ImageWidth=811&ImageHeight=409&ImageId=28712

Фота забяспечана Аленай Дубаневіч.

Тлумачэнне ад службаў

Сітуацыю пракаментаваў начальнік Вало­жын­скай ДАІ Міхаіл Ліштван:

— Выклік паступіў нам у 6:05, інспектар прыбыў на месца каля сямі раніцы. Другога выкліку не было. Калі ДТЗ адбываецца ў сельскай мясцовасці, мы павінны прыязджаць не пазней, чым праз паўтары гадзіны пасля выкліку. Зразумела, што ў стрэсавай сітуацыі кожная хвіліна цягнецца доўга.

Паводле інфармацыі, якую мы атрымалі, ахвяры аварыі не выклікалі “хуткую дапамогу”, ДАІ таксама, таму што пацярпелых не было. Майстра ДРБУ, адказнага за гэты ўчастак дарогі, пакаралі за неналежнае ўтрыманне праезнай часткі.

Была галалёдзіца

Здарэнне адбылося раніцай у панядзелак, 26 студзеня.

Аўтобус з 48 пасажырамі рушыў з Брэсцкай трасы на Вілейку.

— Былі рэдкія ападкі, галалёдзіца, — тлумачыць начальнік Вало­жын­скай ДАІ Міхаіл Ліштван. — Таму пры павароце каля Пяршаяў вадзіцель аўтобуса не справіўся з кіраваннем.
Аўтобус выехаў на сустрэчную паласу руху і пашкодзіў лінію электраперадач.

Зоя Хруцкая, www.rh.by